У Глыбокім зьявілася дошка ў гонар К.Дуж-Душэўскага <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Шыльда з партрэтам і надпісам “Тут у 1891 годзе нарадзіўся Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі – палітык, асветнік, дойлід” зьявілася на доме №22 па вуліцы Горкага.
Да 90-х угодкаў БНР глыбоцкія актывісты вырашылі ўшанаваць памяць земляка – дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паводле глыбоцкага краязнаўцы Ўладзімера Скрабатуна, прыблізна ў тым месцы, дзе на вуліцы Горкага цяпер стаіць дом №22, здаўна жылі Дуж-Душэўскія – сям’я, зь якой выйшаў дзяржаўны сакратар Беларускай Народнай Рэспублікі Клаўдзій Дуж-Душэўскі:

“Дуж-Душэўскі быў дзяржсакратаром ва ўрадзе Ластоўскага, аўтарам эскізу бел-чырвона-белага сьцяга, які стаў дзяржаўным сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі. Якраз цяпер будуць угодкі БНР, і мы хочам пачаць увекавечваць памяць беларускіх дзеячоў, асьветнікаў, палітыкаў...”

Паводле досьледаў Уладзімера Скрабатуна, Клаўдзій Дуж-Душэўскі правёў у Глыбокім першыя гады свайго жыцьця, а потым ягоныя бацькі перабралася ў Вільню. На цяперашні час жыхароў Глыбоччыны з прозьвішчам Дуж-Душэўскія ці проста Душэўскія не засталося, хаця старажылы згадваюць, што калісь у Глыбокім былі дзьве вялікія сваяцкія галіны Душэўскіх і прозьвішчы адной зь іх пісаліся з дадаткам “Дуж”.

Цяперашні гаспадар дому №22 па вуліцы Горкага Раймунд Салодкі набыў яго шмат гадоў таму і ня мае ніякіх сваяцкіх сувязяў з родам Дуж-Душэўскіх. Але ўсім цікаўным ён паказвае дамавую кнігу, дзе першым сярод уладальнікаў пабудовы запісаны Аляксандар Душэўскі – мажліва, блізкі сваяк вядомага дзеяча БНР. І спадар Салодкі ахвотна пагадзіўся на тое, каб ягоную хату аздобіла мэмарыяльная шыльда.

Дазволу ва ўладаў або грашовых сродкаў на ўшанаваньне памяці славутага земляка мясцовыя актывісты не прасілі. Як расказаў кіраўнік раённай арганізацыі Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч, дошка была зробленая на дабрачынныя ахвяраваньні:

Мастак Аляксандар Мядзелец з мэмарыяльнай дошкай
“Шыльду зрабіў мастак Аляксандр Мядзелец на ахвяраваньні глыбоцкіх сяброў Партыі БНФ. Уладам няма часу займацца такімі рэчамі – значыць, зоймемся гэтым мы. Глыбоцкая зямля багата нарадзіла гістарычных асобаў, на жаль, ня ўсе пра гэта ведаюць. І такія вось шыльды нагадаюць пра тых, хто нарадзіўся тут, каго ведаць патрэбна. Без адраджэньня гістарычнай памяці немагчымае адраджэньне Беларусі”.

Актывісты плянуюць таксама ўсталяваць шыльды ў гонар Вацлава Ластоўскага і Паўліны Мядзёлкі, сям’я якой, дарэчы, жыла ў Глыбокім на той самай вуліцы Горкага, недалёка ад Дуж-Душэўскіх.


Клаўдзій Дуж-Душэўскі (27.03 (паводле іншых зьвестак 13(26).4.1891), мястэчка Глыбокае Дзісенскага павету Віленскай губэрні – 25.2.1959, Вільня) – палітычны дзяяч, дыплямат, архітэктар, рэдактар, пэдагог. У 1912 скончыў Віленскую рэальную вучэльню, дзе далучыўся да беларускага руху, у 1912 – 1918 вучыўся ў Пецярбурскім горным інстытуце. Удзельнічаў у выданьні часопісу “Раніца”. Стварыў эскіз бел-чырвона-белага сьцяга. Ухваліў абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, з восені 1919 быў дыпляматычным прадстаўніком ураду БНР у дзяржавах Балтыі. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У 1927 скончыў Літоўскі ўнівэрсытэт (Коўна). Рэдагаваў часопіс “Беларускі сьцяг” (1922), браў удзел у выданьні часопісу “Крывіч” (1923 – 1926), рэдагаваў часопіс “Беларускі асяродак” (1933). Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.

Некалькі разоў арыштоўваўся польскімі, нямецкімі і савецкімі ўладамі, у лютым 1952 асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня як беларускі нацыяналіст. Вызвалены ў красавіку 1955. Працаваў у інстытуце “Літбудпраект”. Пахаваны ў Коўне.