Аляксандар Скрабец, які трэці тыдзень праводзіць галадоўку, патрабуючы вызваленьня А.Казуліна, сёньня на кароткі час страціў прытомнасьць.
Пра гэта нашаму радыё паведаміў яго старэйшы брат Сяргей: “Родныя ўжо зьбіраліся выклікаць “Хуткую дапамогу”, але Саша прыйшоў у сябе і забараніў гэта зрабіць”.
Сяргей Скрабец гаворыць, што за два тыдні ягоны брат страціў каля 20 кіляграмаў вагі:
“Але, нягледзячы на гэта, мы будзем працягваць акцыю. Я маю даволі вялікі досьвед у гэтай справе. І сёньня я патлумачыў брату, што трэба рабіць, каб лепш пераносіць галадаваньне”.
Да галадоўкі братоў Скрабцоў далучыліся Алег Алкаеў – былы начальнік СІЗА-1 у Менску, які цяпер жыве ў Нямеччыне, Тацяна Ваніна – намесьніца старшыні аргкамітэту для стварэньня Беларускай партыі працы, ды іншыя.