Ён абвясьціў дзень 25 сакавіка 2008 году ў сваім горадзе Днём беларускай незалежнасьці.
Мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг зьвярнуўся да беларускай дыяспары з нагоды 90-х угодкаў БНР.
“Больш за стагодзьдзе Нью-Ёрк зьяўляецца цэнтрам беларускай культуры ў Злучаных Штатах і месцам, дзе беларусы рэалізоўвалі свае мары церазь цяжкую працу, самаадданасць і аб'яднаны дух”, – гаворыцца ў звароце Майкла Блумбэрга, дасланым Беларуска-амэрыканскаму задзіночаньню.
“Сёньня мы ўшаноўваем гэтых смелых людзей, чыя адданасьць справе свабоды служыць натхненьнем для ўсіх нас... Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне сьвяткуе 90-ю гадавіну Беларускай Незалежнасьці ад Расейскай імпэрыі. Свабода была трагічна кароткай, але моцнае жаданьне гэтай арганізацыі на свабоднае волевыяўленьне да гэтага часу рухае яе агульным духам; усе жыхары Нью-Ёрку горача чакаюць дня, калі беларусы будуць жыць дэмакратычна, у міры і дабрабыце”.
У звароце мэра Нью-Ёрку даецца высокая ацэнка грамадзкай працы Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня як плённай і каштоўнай і дзеля беларусаў, і дзеля ўсяго грамадзтва.
Зварот мэра Нью-Ёрку заканчваецца словамі: “Я, Майкл Блумбэрг, мэр Нью-Ёрку, у прызнаньне гэтай важнай гадавіны БНР, аб'яўляю аўторак, 25-га сакавіка 2008 году, у горадзе Нью-Ёрку Днём беларускай незалежнасьці”.
Поўны тэкст звароту Майкла Блумбэрга можна прачытаць тут.