22 сакавіка ў Горадні ў памяшканьні Таварыства беларускай школы адбылася агульнанацыянальная дыктоўка з нагоды 90-х угодкаў БНР.
Яна закончылася ў 16.30. Паводле арганізатараў, у ёй ўзялі ўдзел 240 чалавек. Тэксты для ўдзельнікаў чыталі паэтка Данута Бічэль, бард Віктар Шалкевіч, былая настаўніца Тамара Талерчык, кіраўніца хору “Бацькаўшчына” Вера Кунцэвіч і студэнтка унівэрсытэту імя Янкі Купалы Хрысьціна Марчук.
Карэспандэнт: “Чытае дыктоўку настаўніца зь вялікім досьведам працы Тамара Талерчык, якая цяпер знаходзіцца на пэнсыі”.
Талерчык: “Шаноўныя сябры, вы ведаеце—зь якой мэтай сёньня праводзіцца дыктоўка. Гэты год, 2008-ы, ААН вызначыла Годам моваў. А хутка будзе сьвята абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. І вось у гонар гэтага вялікага нашага сьвята ўсе беларусы сьвету, толькі ў розныя дні, будуць пісаць агульнанацыянальную дыктоўку. Так што будзем пісаць: загаловак—“Родная мова”. Далей: “Родная беларуская мова! Хто зь яе ні зьдзекваўся, хто зь ёю ні ваяваў!..”
Карэспандэнт: “Калі закончылася дыктоўка, Тамара Талерчык кажа, што ахвотныя могуць здаць яе на праверку, а хто не жадае, можа ўзяць сабе для сямейнага архіву. Я гляджу: у дыктоўцы ўдзельнічалі сорак чалавек, прычым мужчынаў з жанчынамі прыблізна аднолькава. Тут і студэнты, і пэнсіянэры, ёсьць настаўнікі, ёсьць выкладчыкі, з навуковымі ступенямі нават, ёсьць мамы з дочкамі.
Студэнтка Хрысьціна Марчук таксама пісала дыктоўку. Я назіраў за вашым суседам, ён сьпісваў у вас. Што вы скажаце пра гэта?”
Марчук: “Ён у мяне сьпісваў, бо ня ведаў як ставіць знакі прыпынку, дзе пісаць коску, а дзе працяжнік”.
Карэспандэнт: “Карацей, вы не маглі яму адмовіць?”
Марчук: “Я не хавала свой аркуш, бо хлопчык цягнецца да беларушчыны, ён прагне ведаў, і таму я дапамагала яму”.