Лідэр незарэгістраванага руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сёньня сустрэўся з жыхарамі Бялыніччыны, Шклоўшчыны ды Горак.
У вёсцы Вялікая Машчаніца, што на Бялыніччыне, палітык наведаў мясцовую школу ды дзіцячы садок.
Адзін з арганізатараў візыту Мілінкевіча на Магілёўшчыну Рыгор Кастусёў паведаміў “Свабодзе”, што лідэр руху “За свабоду” перадаў школе беларускія моўныя кніжкі, а ў садок спартовы інвэнтар.
Паводле Рыгора Кастусёва, у Бялынічах у мясцовым доме быту Аляксандар Мілінкевіч пабачыўся з прадпрымальнікамі, зь якімі гаварыў больш за паўтары гадзіны.
На Шклоўшчыне Мілінкевіч наведаў недабудаваную дагэтуль фабрыку газэтнай паперы й пагаварыў жыхарамі пасёлка Маладзёжны.
У Горках, паводле Рыгора Кастусёва, Мілінкевіч пагаварыў зь мясцовымі прадпрымальнікамі. Прыкладна паўгадзіны таму пачалася яго сустрэча з горацкімі актывістамі партыйных і грамадзкіх арганізацыяў. На сустрэчы прысутнічаюць блізу пяцідзесяці чалавек.
Рыгор Кастусёў кажа, што ад дзесятай гадзіны раніцы, калі візыт Мілінкевіча на Магілёўшчыну пачаўся, перашкодаў з боку міліцыі пакуль не было.