Нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці горада, улады прынялі рашэньне зьнесьці дом №19 па вуліцы Мінскай, пабудаваны ў 18 стагоддзі.
Раней гэты будынак быў уваходзіў у пералік гістарычных аб"ектаў, якія ахоўваюцца дзяржавай, аднак колькі гадоў таму з гэтага сьпісу яго выключылі. Улетку мінулага году аршанскі гарвыканкам абвясьціў, што гістарычныя забудова па вуліцы Мінскай будзе зносіцца з мэтаю добраўпарадкаваць горад да сёлетніх "Дажынак-2008".
Жыхары Воршы напісалі некалькі дзесяткаў лістоў пратэсту ў розныя інстанцыі, і ўладам давялося саступіць: яны абвясьцілі аўкцыён па продажы дамоў №17 і №19. На будынак №17 пакупнік знайшоўся, прычым ён паабяцаў адрэстаўраваць гістарычны помнік.
Да апошняга часу пра лёс будынка №19 нічога вядома не было, аж пакуль сёньня ня высьветлілася, што гарвыканкам усё-ткі вырашыў яго зьнесьці. Думкай аршанцаў на гэты конт ізноў ніхто не пацікавіўся.