У гонар юбілею БНР творчыя і мастацкія імпрэзы гэтымі днямі праводзяць многія грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі і рухі.
У менскай сядзібе Партыі БНФ адбылася вечарына-канцэрт памяці Кастуся Каліноўскага, прысьвечаная гадавіне трагічнай гібелі змагара за волю 21 сакавіка 1864 году. Гэта таксама адна з шэрагу мастацкіх акцыяў да юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, бо Кастусь Каліноўскі — адзін з тых людзей, хто набліжаў БНР, кажа актывіст моладзі БНФ Франак Вячорка:
“Сёньняшняя вечарына прысьвечаная Кастусю Каліноўскаму, чалавеку, які папярэднічаў БНР. Заўтра адбудзеццца адкрыцьцё выставы творчай суполкі “Пагоня” да 25 сакавіка. Таксама заўтра запрашаем моладзь і ўсіх беларусаў узяць удзел у экскурсіі па памятных мясьцінах БНР у Менску. Збор а 12-й гадзіне каля помніка Янку Купалу”.
Заўтра ж сябры мэмарыяльнай сэкцыі Таварыства аховы помнікаў ушануюць памяць стваральнікаў БНР і адведаюць мясьціны, зьвязаныя з гэтай падзеяй. У гонар 25 сакавіка ў нядзелю адбудзецца агульнанацыянальная дыктоўка. У Менску з 11 гадзіны раніцы да 18 вечара яна будзе праходзіць у сядзібах Таварыства беларускай мовы і Партыі БНФ, кажа адзін з ініцыятараў акцыі Уладзімер Падгол:
“Кожную гадзіну пішацца дыктоўка. Затым — паэтычная імпрэза: будуць чытацца вершы, прысьвечаныя дыктоўцы. Пасьля — міні-прэсавая канфэрэнцыя для журналістаў. Вернікі — каталікі і пратэстанты, якія адзначаюць Вялікдзень могуць прыйсьці ў панядзелак у Палац мастацтваў. Там а 16:30 дыктоўку будуць пісаць сябры “Бацькаўшчыны” і мастакі “Пагоні”.
Напярэдадні юбілею БНР Інстытут нацыянальнай памяці праводзіць урачыстае паседжаньне. На ім уганаруюць грамадзкіх актывістаў, якія адзначыліся ў справе ўшанаваньня памяці палітрэпрэсаваных. А найзначнейшай акцыяй павінна стаць шэсьце да помнікаў беларускіх пісьменьнікаў і гістарычных будынкаў, зьвязаных з БНР 25 сакавіка, хоць Менгарвыканкам і ня даў дазволу на гэты маршрут. Гаворыць сустаршыня аргкамітэту сьвяткаваньня, мастак Аляксей Марачкін:
“Мы павінны ўшанаваць нашыя сьвятыні, якія ўвасобленыя ў помніках. Няўжо гэта крымінал? Хопіць ужо хадзіць рознымі сьцежкамі. Мы падкрэсьліваем, што гэта мірнае шэсьце. І мы не хацелі б, каб на нас нападалі, каб разьдзіралі нашыя сьцягі. Тым больш партрэты, бо многія нашыя людзі будуць ісьці з партрэтамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Багдановіча і іншымі. Прынамсі, я думаю, што 25 сакавіка пройдзе годна, што будзе цывілізавана і хораша”.