Статкевіч плянуе выйсьці на праезную частку

Менскія ўлады дазволілі правядзеньне маніфэстацыі на ўгодкі БНР ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Камэнтуе адзін з заяўнікаў Мікола Статкевіч.

Мікола Статкевіч: Асабіста я прыйду на плошчу Якуба Коласа 25 сакавіка а 18 гадзіне і заклікаю зрабіць гэтак жа ўсіх тых, для каго гэтая дата і незалежнасьць Беларусі важныя.

Ганна Соўсь: Заяўнікі склалі зь сябе адказнасьць за тое, што будзе адбывацца?
Статкевіч: Ня ўсе. Я ня склаў зь сябе адказнасьці. Я склаў адказнасьць за наступствы. А калі мы ўсе складзем адказнасьць за акцыю – яна ж будзе некіруемая.
Соўсь: У часе вулічных акцый сярод лідэраў апазыцыі бывалі розныя меркаваньні адносна маршруту шэсьцяў, але вы заўсёды цьвёрда стаялі на тым, што на Бангалор ісьці нельга. Ці будзе сёлета адзінства сярод лідэраў апазыцыі, што да сьвяткаваньня Дня Волі?
Статкевіч: Будзе адзіная пазыцыя – хаця б таму, што я ўваходжу ў лік заяўнікаў, і я не дапушчу Бангалору. Калі казаць шчыра, то я быў увогуле супраць падачы заяўкі і супраць гэтага маршруту: я прапаноўваў зьбірацца на Кастрычніцкай плошчы і ісьці да плошчы Незалежнасьці. Але дзеля адзінства я падпісаў гэтую заяўку, хаця лічу для сябе ганебнымі ўсялякія просьбы да чыноўнікаў, якія, па сутнасьці, нічога не вырашаюць. Але зараз ужо існуе агульная пазыцыя, што плошча Бангалор да 90–годзьдзя сьвяткаваньня БНР абсалютна немагчымая.
Вельмі важна для мяне, каб акцыя прайшла з выхадам на праезную часткуe
Мы зьбярэмся на плошчы Якуба Коласа і будзем спрабаваць прайсьці заяўленым маршрутам. Вельмі важна для мяне, каб акцыя прайшла з выхадам на праезную частку, бо інакш гэта будзе проста здрадай тым маладым людзям, якія зараз праходзяць па крымінальнай справе за акцыі ў лютым, калі яны ўпершыню за тры гады вывелі дэманстрантаў на праезную частку, уратавалі гонар апазыцыі і за гэта маюць крымінальную справу. Дык вось: калі мы ня выйдзем на праезную частку – мы іх проста здадзім. А калі наступныя акцыі будуць адбывацца нармальна, як у любой іншай краіне – па праезнай частцы – то крымінальны артыкул за тое, што людзі ідуць не па тратуары ў часе дэманстрацыі – проста ня будзе ўжывацца.
Агульная пазыцыя: плошча Бангалор да 90–годзьдзя сьвяткаваньня БНР абсалютна немагчымая
Соўсь: Леташняя акцыя ў Дзень Волі, Эўрапейскі і Сацыяльны маршы прайшлі фактычна без затрыманьняў. Які ваш прагноз адносна паводзінаў уладаў на сёлетні Дзень Волі?
Статкевіч: Прагноз змагу даць сёньня ўвечары: усё будзе залежаць ад таго, ці будзе вызначаны кошт на газ... (сьмяецца) Калі будзе малы кошт – то на знак удзячнасьці, паказваючы, што змагаюцца супраць нацыяналістаў, устрояць і папярэдні хапун, мабыць, будзе і больш жорсткая пазыцыя ўладаў падчас акцыі. Калі кошт газу Масква будзе ўзьнімаць – дык каб папалохаць яе, што мы, маўляў, можам і не шчаміць гэтых нацыяналістаў – усе гэтыя дзеяньні будуць меншымі, каб адначасова залагодзіць і Эўропу. Вось такі геапалітычны фактар.
Соўсь:
З вашага гледзішча: якая акцыя апазыцыі з нагоды Дня Волі была найбольш пасьпяховай у часы незалежнай Беларусі?
Статкевіч: Па розгаласе, па эфэкту я б выдзеліў тры акцыі.
Акцыю 93 году, калі ў часы незалежнай Беларусі зноў пачалася вайна за незалежнасьць – вулічная вайна, я так гэта заву. Бо ўрад Кебіча пачаў гандлявацца з Расеяй: уводзіць ці ня ўводзіць расейскі рубель – тады 10 тысяч менчукоў прайшліся па праспэкце Незалежнасьці. Яна была цікавая тым, што там была арганізаваная калёна БЗВ – тысяча вайскоўцаў запасу пад барабанны бой прайшлі, і гэта аказала такое ашаламляльнае ўзьдзеяньне, што на пэўны час затармазіліся гаворкі пра аб'яднаньне.
Акцыю 96 году, якую ўзначальваў Зянон Пазьняк, дзе ўпершыню пасьля вулічнай паўзы ў адказ на намер падпісаць дамову аб СНД, вельмі шмат людзей нечакана выйшла на вуліцы, і было вельмі жорсткае супрацьстаяньне з супрацоўнікамі міліцыі. Гэтай акцыяй, напэўна, пачалася найбольш актыўная фаза вулічнай вайны за незалежнасьць, калі ня маючы большасьці ў грамадзтве на падтрымку незалежнасьці, дэмакратычныя сілы аказвалі ціск на ўрад, ад якога залежала гэтая незалежнасьць – каб ён яе не здаваў.
І, мабыць, апошняя акцыя з гэтай сэрыі – 2000 год. Розгалас зрабіла сама ўлада, ачапіўшы плошчу Якуба Коласа БТРамі, салдатамі з сабакамі, нахапалі журналістаў. Усё роўна адбыліся дэманстрацыі па пэрымэтру плошчы, але быў вялікі сусьветны розгалас. Вось гэтыя акцыі – калі ішла барацьба за незалежнасьць – былі інфармацыйна найбольш эфэктнымі.