Сёньня ў судзе Чыгуначнага раёну Гомеля адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы супраць актывіста моладзевага дэмакратычнага руху Андрэя Цянюты. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка
Суразмоўца адзначыў, што Андрэй Цянюта быў затрыманы 20 сакавіка ў 19.50.
Гэта была загадзя сплянаваная правакацыя, – кажа Судаленка, – на вуліцы да Андрэя падышлі трое невядомых ў цывільным, адзін зь якіх паваліўся і пачаў крычаць, што нібыта яго зьбівае апазыцыянэр. Тут жа зьявіліся міліцыянты, якія затрымалі Цянюту і абвінавацілі яго ў дробным хуліганстве (арт.17.1 Кодэксу аб адміністратыўных парушэньнях).
Юрыст Леанід Судаленка лічыць, што ў Гомелі пачынаюцца прэвэнтыўныя затрыманьні грамадзкіх актывістаў напярэдадні 25-га сакавіка. У прыватнасьці, 15 сакавіка ў Гомельскім гарадзкім цэнтры культуры падчас канцэрта гурту "NRM" міліцыянты затрымалі актывіста апазыцыі Канстанціна Жукоўскага. Ён раздаваў гледачам віншавальныя паштоўкі, выпушчаныя ў гонар 90-годзьдзя БНР.
Жукоўскі арыштаваны на 14 сутак – да 26 сакавіка ўключна.