Полацкія ўлады не дазволілі пікет да 90-х угодкаў БНР

Пікет ініцыятары плянавалі правесьці 25 сакавіка каля кінатэатра "Радзіма". Але ў пісьмовай адмове з гарвыканкаму ім паведамілі, што якраз тым самым часам і ў тым самым месцы сябры БРСМу будуць праводзіць акцыю "Дзень без тытуню".

У гаркаме БРСМу апазыцыйным актывістам паведамілі, што гэтая акцыя нібыта даўно заплянаваная і зацьверджаная ў супольным пляне дзейнасьці моладзевай арганізацыі і гарвыканкаму. Аднак паказаць гэты плян гарадзкое кіраўніцтва БРСМу адмовілася.

Адзін з заяўнікаў пікету, сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Мікалай Шарах распавёў Радыё Свабода, што пазнаёміць з гэтым дакумэнтам адмовіліся і ў гарвыканкаме. Загадчыца аддзелу па працы з моладзьдзю Натальля Ганебная заўважыла апазыцыянэрам: "А можа, вы шпіёны!"

Адмову чыноўнікаў полацкія дэмакратычныя актывісты зьбіраюцца абскардзіць праз суд – яны мяркуюць давесьці, што гарадзкія ўлады незаконна замінаюць свабоднаму волевыяўленьню грамадзян.