Распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда раздае іх мінакам каля так званага “Сіняга дому” — дому № 28 па вуліцы Леніна ў Віцебску.
Паводле спадара Хамайды, на каляндарыку ўвасобленыя два сымбалі Віцебску: гарадзкая ратуша і Мірон — пэрсанаж, які стаў легендай дзякуючы сваёй здольнасьці вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі ў самых цяжкадаступных месцах. Вобраз Мірона — бялявага хлопца-беларуса з павязкай на твары, які ўздымае бел-чырвона-белы сьцяг, — стварыў мастак Анатоль Полацкі. Гэта творчы псэўданім, бо сваё сапраўднае імя аўтар малюнку адкрываць пакуль не жадае.
Зрэшты, каля “Сіняга дому” можна прыдбаць яшчэ адзін узор працы мастака Анатоля Полацкага. Гэта зроблены паводле ягонага эскізу каляндарык-віншаванка да 90-х угодкаў БНР.
Напярэдадні 25 сакавіка зьявіўся й каляровы буклет, прысьвечаны гісторыі масавых расcтрэлаў на Віцебшчыне — пад вёскай Паляі Віцебскага раёну і каля вёскі Нікалаева Шумілінскага раёну.