Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 20 сакавіка, чацьвер.
Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.
Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.
Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
25 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтай даце прысьвечаныя масавыя акцыі і пікеты, якія плянуюцца ў розных гарадах Беларусі. Тэлефанаваньні слухачоў:
Павел Васілевіч, Менск: “Радыё Свабода! Засталіся лічаныя дзянёчкі да найвялікшага сьвята беларускага народу — 90-годзьдзя абвяшчэньня БНР. Вялікі вяшчун праўды Васіль Быкаў назваў гэта “агеньчыкам у цемрадзі хлусьні”. Усім сьвядомым людзям у гэны дзень трэба выйсьці на вуліцы, плошчы гарадоў і вёсак, арганізаваць масавыя мітынгі і шэсьці, каб шматлікія людзі, нават тыя, хто ходзіць на ўстаноўленыя ўладай дні з чаркай і скваркай, прылучыліся да першаснага народнага і дзяржаўнага сьвята. Мы выйдзем шчыльнымі радамі з кветкамі, малітвай і песьнямі сваёй Айчыны. Жыве вольная Беларусь!”
Спадар Жаркоў, Пружаны: “15 сакавіка 2008 года атрыманы адказ з Пружанскага райвыканкаму. Зачытваю: “Паведамляем, што Ваша заява пра правядзеньне 23 сакавіка гэтага году ў Пружанах пікету намі разгледжана. Правядзеньне пікету немэтазгодна на наступных падставах: 23 сакавіка зьяўляецца выходным днём, арганізацыя пікету створыць нязручнасьць для жыхароў і гасьцей гораду. Акрамя таго, стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі не было прызнана сусьветнай супольнасьцю і ня можа быць падставаю для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, прысьвечаных гэтай даце. Намесьнік старшыні райвыканкама Кудравец”.
Выказваньне камэнтуе адзін з заяўнікаў акцыі 25 сакавіка, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
“Мы маем самыя розныя адказы, і многія зь іх вартыя музэю абсурду. Што да Пружанаў, то трэба проста прыехаць, каб прачытаць лекцыю для адміністрацыі, і я гатовы гэта зрабіць. Спасылкі на ўсясьветную грамадзкасьць, якая нібыта не прызнала БНР, сьведчаць толькі пра тое, што на ўзроўні рэгіянальных улад у нас пануе адно цемрашальства”.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі наклады сьвежых нумароў газэт “Народная воля” і “Товарищ”. Камэнтар слухача:
Анастас Семяновіч: “Таварыш Навумаў, да якога часу ваша міліцыя будзе няславіць народ Беларусі?! Ім што, няма чым заняцца, акрамя як затрымліваць нашу любімую газэту “Народная Воля”?! Падумайце пра сябе, куды вы будзеце ўцякаць, калі адхіляць галоўнага начальніка Беларусі? Жыве родная Беларусь!”
Слухачы таксама працягваюць выказвацца пра здарэньне на аўтадарозе пад Менскам 2 сакавіка. Нагадаю, што супрацоўнікі ДАІ стварылі так званы “жывы шчыт” з аўтамабіляў зь людзьмі, каб спыніць п’янага кіроўцу.
Спадарыня: “Добры вечар, “Свабода”. Пра здарэньне на трасе пад Менскам было сказана многа. Я трошкі яшчэ. Жыцьцё для нашых кіраўнікоў — як арытмэтычнае дзеяньне: адным больш, адным менш. Калі ў нейкай прыроднай завірусе загінулі тысячы людзей, усюды — у краінах сьвету ратаўнікі спэцслужбаў, урачы будуць адчайна змагацца за 1001-га, за аднаго жывога. А тут, каб выканаць сваё заданьне, беларуская ДАІ падставіла пад сьмерць людзей”.
Андрэй, Пінск: “Мяне, як і многіх людзей, абурыў факт, калі працаўнікі ДАІ зрабілі “жывы шчыт” зь людзей, каб спыніць злачынцу. У такім выпадку патрэбна было Мікалаю Чаргінцу не адстойваць гонар і годнасьць сваіх калегаў, а адстаяць гонар і годнасьць тых людзей, жыцьцямі якіх рызыкавалі, у тым ліку і дзіцём. Ён жа свой гонар і годнасьць за нейкую бяскрыўдную нататку ў газэце ацаніў у 600 мільёнаў рублёў. Вось кожнай сям’і пацярпелых хаця б па 10 мільёнаў ён бы ў сваіх калегаў адсудзіў. У такой сытуацыі Мікалай Чаргінец прадэманстраваў бы, што нашыя законы роўныя для ўсіх, а ня толькі для тых, хто ва ўладзе, каля кармушкі. Дзякуй за ўвагу”.
Наступныя меркаваньні — пра стан эканомікі Беларусі:
Сталы слухач: “Міхаіл Мясьніковіч, прэзыдэнт Акадэміі навук, у часопісе “Наука и инновации” прыводзіць зьвесткі: “У 2006 годзе колькасьць стратных прадпрыемстваў амаль падвоілася”. Гэта ж страшна. Не эканамічнымі мэтадамі ідзе кіраўніцтва, Лукашэнка і ня ведае нават, што гэта такое, а адміністратыўнымі. Наша эканоміка падае, як толькі можа”.
Спадар: “Не магу больш маўчаць. За 15 гадкоў Лукашэнка зьнішчыў усю беларускую эканоміку. Ганіце яго з гэтай пасады! Дзякуй”.
Выказваньне камэнтуе палітык і эканаміст Яраслаў Раманчук:
“Сагнаць з пасады можа толькі народ. У 2006 годзе яму не далі такой магчымасьці. І калі зараз ён сам ня возьме, то нічога і ня будзе. Я не магу сказаць, што нашая эканоміка зьнішчаная, але яна вельмі нестабільная. Таму я згодны, што трэба мяняць кіраўніцтва краіны, трэба мяняць курс. І толькі тады мы зможам забясьпечыць стабільнасьць — як для пэнсіянэраў, так і для моладзі”.
Працягваем праграму камэнтаром да яшчэ адной падзеі:
Яўгенія Казлова, Ворша: “Добры вечар, Радыё Свабода. Я сёньня была на нарадзе ў Доме-музэі Караткевіча па пытаньні пераносу помніка пісьменьніку ў іншае месца, у сувязі з тым, што побач будуецца прыбіральня да маючых адбыцца ў Воршы “Дажынак”. Выглядае вельмі непрыгожа: атрымліваецца, што прыбіральня, патрэбная для “Дажынак”, важнейшая за помнік славутаму пісьменьніку, земляку. Гэта зьневажае памяць Караткевіча, наагул прыніжае яго. Нам, жыхарам Оршы, вельмі крыўдна, балюча, чаму ня вынесьлі гэтае пытаньне на абмеркаваньне праз аршанскую газэту, радыё, тэлебачаньне. А таму, што мы для спадароў ад улады ізгоі, “не народ”, як выказалася спадарыня Седнякова на паседжаньні, адкрыта, шчыра. А што сказаў бы сам Уладзімер Караткевіч?”