У Вільні агульнанацыянальная дыктоўка адбудзецца 21 сакавіка
Яе арганізуюць студэнты Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту. Запрашэньні разасланыя студэнтам, пэдагогам, віленскім беларусам, парлямэнтарам і грамадзкім дзеячам Літвы, якія ведаюць беларускую мову.
Разам са студэнтамі дыктоўку будуць пісаць выкладчыкі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, Віленскага пэдунівэрсытэту, беларускія настаўнікі зь Вільні, а таксма грамадзкія дзеячы і палітыкі. Запрашэньні дасланыя і ў амбасаду Рэспублікі Беларусь у Вільні.
У літоўскі Сойм парлямэнтарам, якія маюць беларускае паходжаньне, таксама дасланыя запрашэньні. Дэпутат Вацлаў Станкевіч паведаміў радыё “Свабода”, што падтрымлівае ідэю правядзеньня нацыянальнай дыктоўкі ў Вільні і прыедзе напісаць дыктоўку разам з усімі удзельнікамі ў аўдыторыі ЭГУ.
Пісаць дыктоўку будзе і заснавальнік “Талакі” Сяржук Вітушка, які жыве ў Вільні і працягвае актыўную грамадзкую дзейнасьць, ня гледзячы на тое, што страціў зрок у выніку цяжкай хваробы. Сяржук Вітушка будзе пісаць дыктоўку на кампутары “усьляпую”.
Першая агульнанацыянальная беларуская дыктоўка праводзіцца з нагоды сёлетняга 90-гадовага юбілею БНР. Гэта прапанова Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны, Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, Беларускага ПЭН-цэнтру, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, Саюзу пісьменьнікаў Беларусі ды іншых арганізацыяў, партыяў, грамадзкіх, культурных дзеячоў Беларусі. Ініцыятар акцыі – Уладзімер Падгол.
Аргкамітэт вырашыў правесьці першую агульнанацыянальную дыктоўку ў Беларусі 23 сакавіка. Правяраць тэксты дыктовак будуць прафэсійныя выкладчыкі беларускай мовы. 25 сакавіка вынікі агульнанацыянальнай дыктоўкі будуць агучаныя незалежнымі СМІ.
Нацыянальныя дыктоўкі ўжо праводзіліся такімі краінамі, як Літва, Польшча, Францыя.