Пра што пісалі беларускія газэты 19 сакавіка ў розныя гады мінулага.
“Дзянніца” ў 1918 годзе друкуе пастанову зьезду беларусаў 8 арміі: “Ні у якум прыпадку няпавінна быць дапушчаны атдзелы Беларусі ат агульна расейскае фэдэрацыі, бо гэткія атдзелы палітычна выгадны толькі нацыяналістам усіх хварбау і разаб’е арганізаваныя сілы працоуных клясау Усерасейскае Рэспублікі, а гэта згубаю адгукнецца і на інтэрнацыянальным (міжнарадовум) сацыялістычным руху...”
“ЛіМ” у 1958 годзе да выбараў у Вярхоўны Савет СССР піша: “Будучыня належыць камунізму. Як бы ні шалелі апалагеты імперыалізма, баронячы буржуазны лад, усё больш і больш простых людзей капіталістычных краін прыходзяць да ўсведамлення, што толькі сацыалізм нясе чалавецтву сапраўдную свабоду і мір. Стары свет, свет эксплуатацыі, асуджаны на пагібель. Мы з’яўляемся сведкамі трыумфу вялікіх ідэй Маркса-Леніна, сведкамі невымернага ўмацавання сацыалістычнага лагера”.
* “Скажыце, якая сёньня неабходнасьць, дапусьцім, ва ўдаражэньні малочных прадуктаў?.. — цытуе ў 1998 годзе “Белорусская деловая газета” Аляксандра Лукашэнку. — Калі б гэта было ў сьнежні-студзені, калі малака менш, — гэта іншая справа. Але калі перажылі зіму, калі ўжо малака ў тры разы больш вырабляецца... Раптам павышаюцца кошты. З пункту гледжаньня рынку яны павінны зьніжацца, калі больш тавараў. Наадварот, павышаюцца. Значыць, некаму гэта трэба было...”