“Маральны чалавек павінен адчуваць сябе свабодным”

Сёлета Рыгор Сітніца адзначае паўвекавы юбілей. Ён удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх, замежных ды міжнародных выстаў і мастацкіх імпрэзаў. Творы мастака знаходзяцца ў музэях Беларусі, Польшчы, Грэцыі, Нямеччыны, у прыватных зборах многіх краінаў. Ён першы намесьнік старшыні Беларускага саюзу мастакоў. У апошнія дзесяць гадоў спрабуе сябе ў паэзіі і публіцыстыцы: ляўрэат двух літаратурных прэмій – «Полымя-2003» і «Залаты апостраф-2007».

Уліцёнак:
“Нашыя слухачы дастаткова востра зрэагавалі на Вашыя словы пра тое, што вы ў стане знайсьці паразуменьне нават з тым чалавекам, які корміцца ад стасункаў зь сёньняшнімі ўладамі…”

Сітніца: “Джаконда” таксама зробленая на замову фларэнтыйскага купца. Ня трэба забывацца… Іншая справа: гэта зроблена геніяльна! Ён стварыў геніяльны вобраз, пакарміўшыся з рук…

Іншая справа, што мастак не павінен губляць маральных прынцыпаў – ці мала да чаго сёньняшняе “мастацтва” дадумалася? Калі, скажам, мастацкія творы малююцца экскрэмэнтамі і тое выдаецца за сучаснае мастацтва”.

Уліцёнак: “Але ж сучасныя пэрформансы такога кшталту ў Беларусі таксама ёсьць!”

Сітніца: “Ёсьць. Часам гэта ідэя, якая разбурае дзеля стварэньня. Тут адно. Але калі разбураюцца спрадвечныя маральныя каштоўнасьці – я такое мастацтва проста не прымаю. У якім бы яно выглядзе не было.

І ў традыцыйным мастацтве можна знайсьці амаральныя, немастацкія рэчы, гэтаксама і ў сучасным – процьма станоўчага, але й процьма адмоўнага. Таму трэба трымацца дакладных маральных прынцыпаў і адносна іх ацэньваць зробленае”.

Уліцёнак: “Часы мяняюцца, але як і за саветамі паўстае дылема: маральнасьць і канфармізм…”

Сітніца: “Канфармізм мае ўсялякія абліччы. Нават за тым часам, які мы ўмоўна ці не лічым вольным, таксама былі канфармісты, якія затым ператварыліся ў “канфармістаў наадварот”. Я магу назваць прозьвішчы…”

Уліцёнак: “Ну-ну, вельмі цікава!”

Сітніца: “Перадумаў: ня буду называць, але яны за апошнія гадоў дваццаць памянялі па некалькі разоў свае і мастацкія, і маральныя, грамадзянскія прынцыпы.

Аднак, даруйце за таўталёгію, у прынцыпе мастацтва – гэта тэрыторыя свабоды. І калі мастак можа адчуваць сябе вольным ва ўсіх умовах, у любых варунках – значыць ён здольны сапраўды стварыць нешта вартае. Мастацкае. А калі чалавек азіраецца і баіцца кожнага свайго кроку, значыць у яго нешта не ў парадку з сумленьнем, з маральлю.

Маральны чалавек павінен адчуваць сябе свабодным чалавекам. Бо за ім сапраўды маральныя прынцыпы. На якіх і трымаецца жыцьцё”.