Курс даляра ЗША да агульнаэўрапейскай валюты апусьціўся да чарговага рэкорднага ўзроўню і складае 1,6 даляра за адзін эўра.
Практычна штодзённае падаражэньне нафты і сыравіны, а таксама зацяжны крызіс на рынку гіпатэчнага крэдытаваньня ў ЗША даюць эканамістам падставы прагназаваць: даляр будзе “падаць” і надалей. Зрэшты, беларусаў прагнозы асабліва не трывожаць, і амэрыканская валюта па-ранейшаму застаецца сярод самых запатрабаваных. Як беларусы ратуюць свае ашчаджэньні ад наступстваў усясьветнага фінансавага крызісу?
Старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фэлікс Чарняўскі лічыць, што ў агляднай будучыні палохацца ўсясьветных тэндэнцыяў ня варта, паколькі ў Беларусі рубель і даляр наўпрост прывязаныя адзін да аднаго і абясцэньваюцца паралельна:
“Так, каб гэта ўсё моцна кранала насельніцтва, то наўрад ці. У нас, вядома, разьлікі больш ідуць ня ў эўра, а ў далярах, то бок у ацэнках мы да даляра прывязваемся. Але канчатковыя разьлікі ўнутры краіны ажыцьцяўляюцца ў рублях і ў прынцыпе атрымліваецца так: і зарплата, і цэны ў далярах зьмяняюцца дзесьці аднолькава. Таму такога моцнага ўплыву ня робяць на насельніцтва. А хто крэдыты браў у замежнай валюце, дапусьцім, у далярах, то, вядома, для іх ўвогуле неістотнае падзеньне выгаднае, бо вяртаць даводзіцца меншую суму. Фактычна там, дзе адбываецца абмен і ў аснове ляжыць курс Нацыянальнага банку, якіхсьці праблемаў пакуль не ўзьнікае”.
Як паведаміў Аляксандар Гуркоў, супрацоўнік аднаго з камэрцыйных банкаў Менску, сёлета беларусы зноў панесьлі свае зьберажэньні ў банкі. Пры тым, што пры канцы мінулага году сытуацыя была адваротная – чуткі пра магчымы банкавы крызіс прывялі да таго, што людзі пачалі скасоўваць дамовы і забіраць з дэпазытаў грошы:
“Тут, пэўна, агульнае адлюстраваньне сытуацыі ў эканоміцы краіны. Проста патрэбна людзям кудысьці грошы ўкладаць. Раней баяліся, што іх забяруць, экспрапрыююць, цяпер лічаць, што ім удасца самім усё забраць. Таксама разьлічваюць на гарантыі стабільнасьці ў галіне фінансавага патоку. А фінансавая стабільнасьць дзяржавай абумоўліваецца, са свайго боку дзяржава гэтыя абавязаньні вытрымлівае. І як вынік пэўнага даверу – тое, што колькасьць укладаў паціху расьце”.
Паводле інфармацыі Нацбанку, уклады насельніцтва ў беларускіх банках у пераліку на нацыянальную валюту дасягнулі амаль 11 трыльёнаў рублёў. Павелічэньне ад пачатку 2008 году перавысіла 181 мільярд рублёў. На канец лютага ўклады на дэпазытах у нацыянальнай валюце наблізіліся да 7 трыльёнаў рублёў, а ў замежнай – 1,8 мільярда даляраў.
Цяпер пры разьмяшчэньні сродкаў у банках усё часьцей аддаецца перавага ўкладам з больш працяглым тэрмінам захаваньня. Такія рублёвыя і валютныя ўкладаньні толькі за студзень павялічыліся на 400 мільярдаў рублёў.
Сярод асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2008 год урад прадугледжвае далейшае залучэньне 3,5 трыльёнаў рублёў укладаў грамадзянаў.
Эканаміст Алена Ракава таксама схільная лічыць, што беларускі ўрад будзе да апошняга трымаць прыблізна цяперашнія суадносіны рубля і даляра, бо ў іншым выпадку давядзецца сутыкнуцца зь фінансавым абвалам:
“Я думаю, нічога асаблівага ня будзе з далярам, паколькі тут вельмі высокія стаўкі гульні. То бок калі штосьці ўрад зробіць з далярам, то ўсе рублёвыя ўклады будуць пераводзіцца ў даляравыя. Што будзе яшчэ горш, бо і так не хапае валюты. Таму я думаю, што ўрад будзе трымаць курс да апошняга. Можа на пару рублёў панізяць даляр, але прынцыповых ніякіх зьменаў ня будзе. Працягнецца, скажам так, запазычваньне на замежных рынках дзеля таго, каб балянсаваць попыт і прапанаваньне валютаў. Пэсымістычных чаканьняў няма. Гэта тады прасьцей адразу прызнаць, што ў нас будзе вялізны фінансавы банкавы крызіс”.
Зрэшты, многія лічаць, што трымаць грошы ў банках пры цяперашнім хісткім становішчы ўсясьветных валютаў досыць рызыкоўна. Прафэсар, былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч кажа, што ўва ўсім сьвеце папулярнымі становяцца ўкладаньні ў каштоўныя мэталы:
“У апошнія два гады самыя высокія дывідэнды атрымлівалі тыя, хто ўкладаў грошы, скажам, у золата ці ў плятыну. Такія факты ёсьць, але, наколькі гэта доўгатэрміновая тэндэнцыя, цяжка сказаць”.
Карэспандэнт: “Усе спадзяваліся, што і даляр у сьвеце самы моцны, а атрымалася не зусім так. Значыць, і з золатам ёсьць рызыка?”
“З золатам наўрад ці, таму што золата – гэта ўсё ж мэтал, а не паперка. І колькасьць золата не залежыць ад цэнтральнага банку, які друкуе паперкі часам больш, чым існуе таварнай масы. То бок дысбалянс назіраецца. Бо ўстойлівасьць папяровых грошай забясьпечваецца тым, што колькасьць грошай раўназначная колькасьці тавараў на рынку. І як толькі перавышае гэтую прапорцыю колькасьць грошай, тады расьце кошт. Ёсьць такая матэматычная залежнасьць”.
Толькі за два першыя месяцы 2008 году ў Беларусі насельніцтву і юрыдычным асобам прададзена амаль 15 тысяч залатых мерных зьліткаў агульнай масай блізу паўтоны. Паводле адмыслоўцаў Нацбанку, высокі попыт на золата тлумачыцца перадусім тым, як і казаў Станіслаў Багданкевіч, што насельніцтва краіны выкарыстоўвае яго ў якасьці аднаго з найбольш выгадных на сёньняшні дзень спосабаў захаваньня сваіх зьберажэньняў.