Сьледчая ўправа КДБ вядзе справу амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, які быў затрыманы 12 сакавіка ў менскім аэрапорце, прыляцеўшы зь Лёндану.
У беларускіх праваахоўных установах дагэтуль не даюць інфармацыі пра затрыманьне ў Менску амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, вядомага экспэрта ў справах барацьбы з адмываньнем грошай. Яшчэ меней зьвестак пра тое, што стала прычынай затрыманьня. Пакуль толькі адна крыніца з пэўнасьцю сьцьвярджае, што Эмануіл Зэльцэр быў затрыманы ў Менску 12 сакавіка. Гэтая крыніца — брат адваката Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку. Вось што ён сказаў “Радыё Свабода”:
“Гэта інфармацыя амбасады ЗША ў Беларусі, пацьверджаная Дзярждэпартамэнтам ЗША. У амбасады ёсьць пацьверджаньне беларускага боку, і ў Дзярждэпартамэнту ёсьць, і ў ФБР, але яны таксама вельмі мала ведаюць. Яны толькі ведаюць, што ён затрыманы. Якое абвінавачаньне — невядома”.
Паводле Марка Зэльцэра, разам зь ягоным братам затрымана сакратарка — Уладлена Функ, якая мае грамадзянства Расеі, але жыве і працуе ў ЗША. Дзявочае прозьвішча Ўладлены Функ — Блузкова. У амбасадзе Расеі ў Беларусі пацьвердзілі: “Так, Уладлена Блузкова была затрымана ў Менску 12 сакавіка і праз тры дні зьмешчана ў ізалятар КДБ — “амэрыканку”. Паводле зьвестак расейскіх дыпляматаў, справу расьсьледуе сьледчая ўправа КДБ.
Што вядома пра Эмануіла Зэльцэра? У 1970-х гадох ён прыехаў у ЗША з СССР. У Нью-Ёрку Эмануіл Зэльцэр — вядомы адвакат, ён узначальвае Амэрыканска-расейскі юрыдычны інстытут. Паведамляецца, што пэўны час таму спадар Зэльцэр рабіў адвакацкія паслугі Паўлу Барадзіну, былому кіраўніку справаў прэзыдэнта Расеі, якога затрымлівалі ў ЗША паводле падазрэньняў у карупцыі. Крыніцы ў інтэрнэце не выключаюць, што і затрыманьне Эмануіла Зэльцэра ў Менску неяк зьвязана з паслугамі, якія той рабіў кліентам з Расеі.
Марк Зэльцэр кажа, што ягоны брат ніколі раней у Беларусі ня быў. Марк Зэльцэр непакоіцца за здароўе брата, якога называе “вельмі хворым” чалавекам.
“У яго падагра, у яго дыябэт. Яму вельмі патрэбныя пэўныя лекі кожны дзень”.
Марку Зэльцэру невядома, ці мае ягоны брат патрэбныя лекі ў турме. Ён гатовы перадаць брату любыя лекі, але ня ведае, як гэта зрабіць. “У амбасадзе мяне папярэдзілі, што лекі ўвогуле могуць празь беларускую мяжу не прапусьціць”. Марк Зэльцэр зьвярнуўся ў консульства Беларусі ў Вашынгтоне з просьбай тэрмінова выдаць яму візу, каб прыехаць у Беларусь і наведаць брата, але адказу пакуль не атрымаў. Вэрсіі затрыманьня свайго брата Марк Зэльцэр не камэнтуе. Ён кажа, што яму нічога не вядома пра тое, што Эмануіл Зэльцэр працаваў адвакатам у Паўла Барадзіна.