Р.Сітніца: Прызнаю права мастака карміцца ад улады

Грамадзкі рэдактар тыдня – мастак Рыгор Сітніца .

Сёлета Рыгор Сітніца адзначае паўвекавы юбілей. Ён удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх, замежных ды міжнародных выстаў і мастацкіх імпрэзаў. Творы мастака знаходзяцца ў музэях Беларусі, Польшчы, Грэцыі, Нямеччыны, у прыватных зборах многіх краінаў. Ён першы намесьнік старшыні Беларускага саюзу мастакоў. У апошнія дзесяць гадоў спрабуе сябе ў паэзіі і публіцыстыцы: ляўрэат двух літаратурных прэмій – «Полымя-2003» і «Залаты апостраф-2007». Сёньня журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе са спадаром Сітніцам пра стасункі мастака з палітыкай.

Сітніца: “Мастак па свайму прызначэньню проста абавязаны быць актыўным у жыцьці. А актыўны ў жыцьці – ён ужо актыўны і ў грамадзтве, і ў палітыцы”.

Уліцёнак: “А ці не адбывацца ў асяродку мастакоў нейкага сутыкненьня паміж тымі, скажам, хто ўваходзіць у суполку “Пагоня”, і майстрамі, якія прыхільна ставяцца да цяперашняга ўладнага курсу, жывуць з замоваў вэртыкалі?”

Сітніца:
“Ведаеце, вялікага сутыкненьня я ня бачу – прайшоў час, і ўсе паразумнелі. Цяпер, у прынцыпе, усё залежыць ад таго, наколькі чалавек трымаецца ўласнага сумленьня. Калі размова ідзе пра перакананьні тых, напрыклад, людзей, якія, лічыцца, служаць уладзе, то я прызнаю іхняе права на пэўныя перакананьні. Нават калі яны гэткім чынам “кормяцца”, я прызнаю іхняе права гэтак карміцца. Для мяне найперш важна, каб тое, што яны робяць, заставалася мастацтвам!
Мы ж ня можам крытыкаваць Веласкеса за тое, што ён пісаў парадныя партрэты каралёў – хоць ён жа фактычна служыў уладзе! Але пры тым застаўся геніяльным мастаком.

А служэньне Папе Рымскаму, скажам, ці Ватыкану – гэта ж таксама нібыта служэньне ўладзе!
Такім чынам, усё вызначае ступень творчасьці, ступень таленавітасьці твора”.

Уліцёнак: “Напачатку найноўшай беларускай незалежнасьці паўставала пытаньне такім чынам, што мастак мусіць наўпрост ісьці ў палітыку – напрыклад, праз дэпутацтва. Сёньня варта працягваць той шлях?”

Сітніца: “Ні ў якім разе! Бо мастак, калі ён сапраўды мастак, за праведзеныя ў Авальнай зале гады страціць столькі, што пасьля і не адновіцца як творца. А ўсё ж такі місія мастака ў іншым – у стварэньні культурных каштоўнасьцяў, якія вечныя.
Калі мы гаворым пра тую ці іншую нацыю, то мы адразу ўзгадваем творцаў. Палітыкаў – куды пазьней.
Бо найперш імідж нацыі й імідж краіны стварае менавіта мастацтва”.