На сайце “Хартыі’97” абмяркоўваюць новыя заявы расейскага “Газпрому” – сярэдняя цана расейскага газу для спажыўцоў з СНД і Эўропы можа дасягнуць 400 даляраў за тысячу кубамэтраў. Развагі наведнікаў сайту:
“Папросту будуць прыдуманыя новыя штрафы. Грамадзянаў, апроч флікераў, абавяжуць насіць на галовах маячкі, а за дэманстрацыі галодным пратэстоўцам будуць выпісваць па мільёне даляраў, а не рублёў. ЖЭСы абавяжуць устанавіць у кожнай кватэры лічыльнікі спажытага паветра”.
“Размова двух рабачаёў:
- Неўзабаве будзе падвышэньне цэнаў на мяса!
- Кепска.
- Неўзабаве будзе падвышэньне цэнаў на хлеб!
- Кепска!
- Неўзабаве будзе падвышэньне цэнаў на гарэлку!
- Ну, гэтага ня можа быць! Лукашэнка не дапусьціць!”
У сеціве працягваюць абмяркоўваць аўтамабільную аварыю на Слуцкай шашы, якая здарылася 2 сакавіка. Тады супрацоўнікі ДАІ, каб спыніць п’янага кіроўцу, выставілі кардон з прыватных аўтамабіляў, у якіх былі людзі. У канцы мінулага тыдня пракуратура распачала крымінальную справу супраць супрацоўнікаў ДАІ. Газэта “Советская Белоруссия” спрабуе зьвярнуць увагу чытачоў на тое, што інцыдэнт нібыта палітызуюць, а між тым аварыйную сытуацыю справакаваў п’яны кіроўца, а не ДАІ. Камэнтары чытачоў газэты з афіцыйнага сайту выданьня:
“Мне падаецца, што ў гэтай сытуацыі ДАІ папросту расьпісалася ва ўласным непрафэсіяналізьме... пакараньне павінен панесьці ня толькі вінаваты ў здарэньні і супрацоўнікі ДАІ, якія стварылі “жывы шчыт”, але й высокія начальнікі ДАІ. Інцыдэнт давёў, што ёсьць праблема ў гэтым ведамстве, і няхай яе вырашаюць больш кампэтэнтныя людзі. Закон аднолькавы для ўсіх”.
“Я лічу, што супрацоўнікі ДАІ, якія ўдзельнічалі ў здарэньні, ня самыя галоўныя вінаватыя. Яны маглі выконваць каманды, ня ведаючы ўсёй сытуацыі. Вінаваты той, хто кіраваў “апэрацыяй”. З усяго відаць нават кепская каардынацыя дзеяньняў паміж выканаўцамі. На жаль, гэты інцыдэнт, далёка ня самы цяжкі, наносіць калясальную шкоду рэпутацыі ДАІ”.
“Сутнасьць у тым, што ў супрацоўнікаў ДАІ нават думкі не павінна ўзьнікнуць пра тое, каб падставіць пад удар простых людзей. “Ужываць спэцсродкі не заўсёды бясьпечна для навакольных”. Няўжо бясьпечней падставіць пад удар кіроўцаў, якія нічога не падазравалі?”
У суполцы “Жывога журналу” minsk_by абмяркоўваюць рэпартаж, які ў выходныя прайшоў на канале ОНТ. З рэпартажу стала вядома, што летась у Беларусі таксама быў выпадак, калі прыватныя аўтамабілі выкарыстоўвалі як “жывы шчыт”, але ўсе засталіся жывыя.
“Проста дэмакратычны шабаш нейкі”, – адзначае адзін з чальцоў суполкі.
Удзельнікі форумаў парталу TUT.by зьвярнулі ўвагу на навіну пра тое, як магілёўская школьніца добраахвотна выйшла са складу БРСМ і склала зь сябе паўнамоцтвы сакратара першаснай арганізацыі саюзу. Дзяўчыну выклікалі на размову з дырэктарам школы і папярэджвалі, што выхад з БРСМ будзе адлюстраваны ў ейнай асабістай справе. Камэнтары:
“А наша моладзь яшчэ не зусім страчаная”.
“Слушна. А тут бярвеньне насіць прымушаюць на суботніках, на лыжах замест вывучэньня ангельскай, напрыклад. А яшчэ трэба яўку забясьпечыць!”
Агляд сеціва