Ворша: Прыбіральня насупраць помніка Караткевічу


Як паведаміў Радыё Свабода старшыня аршанскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Алесь Шутаў, у гараджан гэты праект выклікаў хвалю абурэньня. Пратэст супраць будаўніцтва прыбіральні выказалі супрацоўнікі музэя Уладзімера Караткевіча, а таксама грамадзкасьць горада. Пад зваротамі да старшыні гарсавету Віталя Сівакова й старшыні гарвыканкаму Мікалая Лісоўскага ўжо падпісаліся больш за сотню аршанцаў, якія патрабуюць перанесьці будаўніцтва ў іншае месца.
Аелсь Шутаў кажа, што збор подпісаў пад лістамі пратэсту працягваецца, бо практычна кожны жыхар Воршы ведае свайго славутага земляка і ўзьвядзеньне грамадзкай прыбіральні насупраць помніка Уладзімеру Караткевічу людзі лічаць кашчунным.

Помнік пісьменьніку быў узьведзены ў 1992 годзе недалёка ад таго месца, дзе стаяла хата сям'і Караткевічаў. Сюды прывозяць турыстаў, прыводзяць на экскурсіі школьнікаў. Каля помніка ці не круглы год ляжаць жывыя кветкі, а на ўгодкі пісьменьніка тут праходзяць літаратурныя чытаньні.

Паводле зьвестак некаторых гараджанаў, якія тэлефанавалі ў гарвыканкам і выказвалі абурэньне з нагоды недарэчнага будаўніцтва, гарадзкія ўлады разглядаюць мажлівасьць перанясеньня помніка ў іншае месца. Спыніць узьвядзеньне прыбіральні чыноўнікі пакуль адмаўляюцца: кажуць, што ў гэты праект ўжо ўкладзеная пэўная сума грошай, выдаткаваная на сёлетнія "Дажынкі".