Спадар: “У эканамічны рост я абсалютна ня веру з той простай прычыны, што ўсё адбіваецца на маім кашальку: за той заробак, які я атрымліваў яшчэ літаральна паўгода таму, я мог значна больш купіць неабходнага маёй сям’і, чымсьці цяпер. Так што які гэта росквіт, калі вецер гуляе ў кішэні? Гэта ня росквіт”.
Маладая спадарыня: “У прынцыпе, заробкі нядрэнныя ў нас”.
Карэспандэнт: “Вы кажаце, што заробкамі задаволеныя, але ваш заробак сёлета не павялічваўся?”
Маладая спадарыня: “Не”.
Карэспандэнт: “А колькі вы зарабляеце?”
Маладая спадарыня: “Пяцьсот тысяч”.
Яе муж: “У мяне таксама заробак пяцьсот тысяч”.
Маладая спадарыня: “Як дзяцей няма, то нармальна, а каб былі, то не хапала б”.
Спадар: “Я не магу адказаць на гэтае пытаньне, бо яшчэ не прайшло нават аднаго кварталу. Каб адчуць на сабе рост эканамічны, трэба прасачыць хаця б паўгода, гэта асабіста маё меркаваньне”.
Карэспандэнт: “Як рэальна вы пачуваецеся: ваш заробак расьце ці не?”
Спадар: “У мяне становішча больш-менш добрае”.
Малады спадар: “Я не адчуваю на сваім кашальку эканамічнага росту. Цэны растуць, а заробак мой на месцы стаіць”.
Спадар: “Сёньня вось аплочваў камунальныя паслугі. З кожным месяцам яны растуць, адбываецца “паўзучы” рост. У эканамічны рост я ня веру. Я мяркую, што гэта чарговы міт, які прапагандуецца ў газэтах. Зьбядненьня рэзкага, зрэшты, няма. Але росту відавочнага не адчуваецца абсалютна, вось рост коштаў — гэта так”.
Сталы спадар: “У мяне ў даляравым эквіваленце стала значна большая зарплата, хоць я памяняў працу, і заробак лепшы там. Але, напэўна, і эканоміка лепшая стала, таму й заробкі таксама большыя”.
Спадар: “Атрымалі мы нядаўна жыроўкі, трэба ісьці на пошту плаціць за кватэру. Кошты падвысіліся, а заробкі тыя ж самыя, лічы. Падвышэньне заробкаў ідзе на сем адсоткаў прыкладна. Вядома, хто атрымлівае два мільёны, таму добра, а хто атрымлівае трыста тысяч, таму падвышэньне будзе капеечным”.
Афіцыйная статыстыка сьцьвярджае, што ў Беларусі працягваецца эканамічны рост. Ці адчуваеце вы гэта на сваім кашальку? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.