Крычаўскі райвыканкам забараніў праводзіць урачысты мітынг да дзевяностых угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ідэі Беларускай Народнай Рэспублікі для чыноўнікаў райвыканкаму абсалютна чужыя й непрымальныя
Сваю пастанову райвыканкам абгрунтаваў тым, што заяўнікі нібыта парушылі парадак падрыхтоўкі масавага мерапрыемства.
У адказе за подпісам першага намесьніка старшыні райвыканкаму Сяргея Марозава гаворыцца, што ініцыятары не падалі заяўкі ў вызначаны заканадаўствам тэрмін — за пятнаццаць дзён да мерапрыемства.
Адзін з заяўнікаў Сяргей Няроўны, назваў рашэньне райвыканкаму парушэньнем канстытуцыйных правоў.
“Ідэі Беларускай Народнай Рэспублікі для чыноўнікаў райвыканкаму абсалютна чужыя й непрымальныя. Любая грамадзкая актыўнасьць разглядаецца імі як небясьпека. Іхная функцыя — лякалізаваць актыўнасьць ды не дапусьціць
яе публічных праяваў. Сёньняшняя ўлада ўспрымае незалежнасьць Беларусі толькі як спосаб захаваньня свайго панаваньня ў краіне. Свабода, незалежнасьць ды дэмакратыя — кан'юнктурныя паняцьці для ўлады, заўтра сытуацыя зьменіцца — і ўсё памяняецца”, — зазначыў “Свабодзе” Сяргей Няроўны.
Мітынг да дзевяностых угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Крычаве меўся адбыцца 23 сакавіка ў гарадзкім парку Перамогі.