На тэрыторыі былога вайсковага шпіталю на вуліцы Пушкінскай у Берасьці разьмесьцяцца падразьдзяленьні абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў.
Дзяржпрадпрыемства “Белдарбудпраект” ужо атрымала заданьне на распрацоўку архітэктурнага рашэньня будучага “міліцэйскага гарадку”.
“Адным з самых узмоцненых аб’ектаў стане тут ізалятар часовага ўтрыманьня. Міліцыянты ўжо заявілі, што будынак для ўтрыманьня за кратамі адначасова 120 вязьняў абыдзецца бюджэту ў некалькі мільёнаў рублёў”, — паведаміў берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.
Кіраўнік прэс-цэнтру Берасьцейскай управы ўнутраных справаў Пётр Васілеўскі адзначае, што ў адноўленыя будынкі пераедуць таксама экспэртна-крыміналістычны цэнтар і яго лябараторыі, упраўленьне і аддзелы грамадзянства і міграцыі, аддзелы пазаведамаснай аховы.