Судзьдзя Савецкага раённага суду Менску Аляксей Таманаў адхіліў пазоў намесьніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча да газэты “Советская Белоруссия".
Юрысконсульт газэты Вольга Раманава заявіла, што адказчыкі не прызнаюць пазову. На папярэдняй сустрэчы бакоў у судзе яна паведаміла, што “Арцём Чалядзінскі” — гэта псэўданім галоўнага рэдактара газэты Паўла Якубовіча.
11 студзеня 2008 г. газэта надрукавала артыкул “Крутой мираж”, пад якім стаяў подпіс “Арцём Чалядзінскі”, нагадвае прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
У публікацыі былі такія словы: “Потому они искренне полагают, что никогда в жизни не вырастившие и тем более не продавшие ведра картошки Михалевич — Милинкевич реально помогут им в специфических предпринимательских проблемах”.
Алесь Міхалевіч палічыў, што публікацыя зьневажае яго гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю. Палітык запатрабаваў абвергнуць непраўдзівыя зьвесткі на старонках “СБ”, а таксама кампэнсаваць маральную шкоду ў памеры 6160 беларускіх рублёў. Як патлумачыў А.Міхалевіч, гэтулькі каштуе ў ГУМе новае вядро для бульбы.