Сёлета Рыгор Сітніца адзначае паўвекавы юбілей. Ён удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх, замежных ды міжнародных выстаў і мастацкіх імпрэзаў. Творы мастака знаходзяцца ў музэях Беларусі, Польшчы, Грэцыі, Нямеччыны, у прыватных зборах многіх краінаў. Ён першы намесьнік старшыні Беларускага саюзу мастакоў. У апошнія дзесяць гадоў спрабуе сябе ў паэзіі і публіцыстыцы: ляўрэат двух літаратурных прэмій – «Полымя-2003» і «Залаты апостраф-2007». Сёньня журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе са спадаром Сітніцам пра тое, што найперш вызначае сутнасьць мастацтва.
Сітніца: “Мастацтва мусіць мець глебу. І найперш, я ўсё ж лічу, гэта – нацыянальныя каштоўнасьці. Без іх захаваньня, без адказнасьці за лёс мінулых пакаленьняў наўрад ці можа спраўдзіцца пакаленьне сёньняшняе і працягнуць сябе ў сваіх наступніках”.
Уліцёнак: “А задача быць зразумелым ня толькі суайчыньнікамі, але і ў шырокім сьвеце?”
Сітніца: “Не забываючыся пра сваю нацыянальную сутнасьць, не адмаўляючыся ад сваіх нацыянальных каштоўнасьцяў мы павінны распавядаць пра іх абсалютна сучаснай мовай, зразумелай сучаснаму чалавеку”.
Уліцёнак: “А ці можна назваць два-тры прыклады мастакоў, у творчасьці якіх спалучаюцца і сучасныя, і адвечна нацыянальныя традыцыі?”
Сітніца: “Скажам, гэта нашыя мэтры Гаўрыла Вашчанка, Леанід Шчамялёў. Яны вельмі розныя, але іх лучыць выразнае нацыянальнае пісьмо. Хачу назваць таксама сёньняшняга старшыню Саюзу мастакоў Беларусі Ўладзімера Савіча – выразна нацыянальнага і надзвычай сучаснага мастака, які выстаўляецца па ўсім сьвеце і і ўсяму сьвету ён фактычна цікавы як беларускі сучасны мастак”.
Уліцёнак: “А да каго з папярэднікаў Вы ставіцеся з гэткім жа піетэтам?”
Сітніца: “Да таго ж Язэпа Драздовіча, якога менавіта нацыянальнае ўсьведамленьне ўзьняло на вельмі высокі ўзровень. Гэта той выпадак. калі чалавек збудаваў сам сябе на грунце нацыянальных каштоўнасьцяў і сусьветнай філязофіі”.
Уліцёнак: “Ну, а мастакі сьвету, якія, на ваш погляд, блізкія беларусам?”
Сітніца: “Я ня ведаю тых мастакоў, якія б не былі блізкія беларусам!”
Уліцёнак: “Дык якая Вашая формула мастацкага паразуменьня?”
Сітніца: “Калі мастацтва сьцьвярджае людзкае на гэтай зямлі. Хачу зазначыць: можна зазначыць: можна зрабіць правільна – але не па-людзку. І разам з тым можна быць ну не зусім правільным адносна нейкіх там правілаў, але – людзкім. Тыя, хто ў 30-я “закладвалі” сваіх суседзяў, яны нібыта рабілі правільна, згодна са сваімі тагачаснымі перакананьнямі, але ж тое было абсалютна не па-людзку.
Таму – найперш людзкасьць павінна быць. І ў мастацтве, і ў жыцьці, і ў асобе чалавека”.