Ці атрымаецца дыялёг у двух Аляксандраў?

Сустрэча былога прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам можа адбыцца ўжо на пачатку лета. Пра такую магчымасьць у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода сказаў былы міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс. Менавіта спадар Валёніс каардынуе працу групы эўрапейскіх палітыкаў, якія хочуць наладзіць шырокі дыялёг з Беларусьсю.

Як можна наладзіць дыялёг з Беларусьсю? На гэтае маё пытаньне Антанас Валёніс адказвае так:

“Ну, як? Ужо былі дзьве сустрэчы – адна ў Вільні, другая – у Варшаве. Будзе трэцяя сустрэча. І я думаю, на ёй ужо будуць зробленыя рэкамэндацыі адносна палітыкі дачыненьняў з Беларусьсю”.

Гэтак званая “група мудрацоў” мае надзвычай высокі статус – у яе ўваходзяць экс-міністры замежных справаў сваіх краінаў. Акрамя Антанаса Валёніса, у ёй, прыкладам, былыя кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Украіны – Барыс Тарасюк, Баўгарыі – Надзея Міхайлава, Вугоршчыны – Янаш Мартоньі ды іншыя.

Гэта група хоча паступова падтрымліваць рэформы ў Беларусі і весьці з краінай гэтак званы шырокі дыялёг. “Мы гатовыя размаўляць як з апазыцыяй, так і з уладамі”,-- заявіў на сустрэчы ў Варшаве Аляксандар Квасьнеўскі. Ён дадаў, што гатовы прыехаць у Менск з тым, каб без нейкіх перадумоваў узяць удзел у такім дыялёгу.

“Ці магчымы наагул гэты дыялёг?» -- з такім пытаньнем я зьвярнуўся да былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча. Мой суразмоўца, які нядаўна зноў пачаў працаваць у апараце Міністэрства замежных справаў сваёй краіны, пагадзіўся выказаць сваю думку як неафіцыйная асоба:

Квасьнеўскі выказаў гатоўнасьць да дыялёгу
«Усё залежыць ад беларускага боку. Я чуў, што Квасьнеўскі выказаў гатоўнасьць да дыялёгу. Ён гатовы прыехаць у Менск і сустракацца. Але калі ня будзе, зь кім размаўляць, ён не прыедзе. Яму патрэбна, каб было зь кім размаўляць».

Спадар Валёніс так фармулюе бліжэйшыя мэты:

«Мы хочам правесьці аптымальны дыялёг у цяперашняй сытуацыі. На мой погляд, гэта вельмі цікава – і для нас, і для кіраўніцтва Беларусі».

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што дыялёг двух палітыкаў, хаця нават імёны ў іх аднолькавыя, не атрымаецца:

«Імёны аднолькавыя. Але ж Квасьнеўскі іншы Аляксандар. Не другі, а менавіта, іншы».

«У якім сэнсе?»

«Сьветапогляд іншы. Квасьнеўскі ўсё ж эўрапейскі палітык».

Аляксандар Квасьнеўскі – адзін зь нямногіх аўтарытыэтных замежных палітыкаў высокага рангу, зь кім Аляксандар Лукашэнка знаёмы асабіста.

У іх не было ніякіх моўных бар'ераў
Якаўлеўскі: «Хацеў нагадаць, што падчас іхняга першага спатканьня ў Белавескай пушчы, на пачатку першага прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі, у іх не было ніякіх моўных бар'ераў. Квасьнеўскі валодае вельмі добра ня толькі ангельскай але і расейскай мовамі. Але ж і гэта ніяк не паўплывала на нейкія асобыя іхныя дачыненьні. Прыкладам, такія як у Пуціна з Бушам, нягледзячы на іх розныя сьветапогляды».

Аляксандар Квасьнеўскі адыграў важную ролю пасярэдніка ў часе аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне.