У Курапацкім лесе аднавілі крыжы <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Сёньня ў Курапацкім лесе адбылася талака, якую ладзілі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і моладзевыя актывісты.

Яны аднаўлялі крыжы, якія былі зламаныя вандаламі.

Аднавіць трэба больш за тры дзесяткі крыжоў, якія былі зламаныя ці выцягнутыя зь зямлі невядомымі вандаламі 12 сакавіка. Удзельнікі талакі выкапалі лункі каля кожнага пашкоджанага крыжа, аднавілі аснову і ўмацавалі яе мэталёвымі скобамі.

“Самае галоўнае, каб крыж сьвяты быў адноўлены ў душах людзей”

На талаку прыйшло многа людзей, якія працавалі на ўсёй тэрыторыі народнага мэмарыялу, прыбіралі тэрыторыю. Актывіст КХП-БНФ Валеры Буйвал апавёў, што працаваць людзі зьбіраюцца да цемры, і калі не пасьпеюць рэстаўраваць усе крыжы, то зьбяруцца ў іншы дзень.

Буйвал: “Будзем дадаваць цэлыя фрагмэнты да тых частак, якія былі пашкоджаны, паламаны. Будуць ставіцца скобы, рабіцца глыбейшыя ямы ў зямлі, каб пасадзіць крыж. Тут ёсьць людзі, якія валодаюць гэтай працай, ды і вялікага майстэрства ня трэба, галоўнае, каб была душа”.

Карэспандэнт: “А гэтыя скобы недзе замаўлялі, хто іх рабіў?”

Буйвал
: “Ёсьць людзі, якія са сваіх сродкаў дапамагаюць нам такімі тэхнічнымі дэталямі. Заўсёды ёсьць патрыёты, гатовыя дапамагчы, спрычыніцца да гэтай справы.

Будзем працягваць абараняць, будаваць, разбудоўваць наш народны мэмарыял. Самае галоўнае, каб крыж сьвяты быў адноўлены ў душах людзей, каб наша краіна зноў стала хрысьціянскай. Матэрыяльны знак крыжа – таксама вельмі важны для кожнага хрысьціяніна.

Будзе працягвацца крыжаўзьдзьвіжаньне ў іншых месцах мэмарыялу – над кожнай магілай паўстане крыж”.

“Знайшоўся сьведка, сталы чалавек, які жыве непадалёк ад Курапатаў”

Карэспандэнт
: “Ці ўсплылі нейкія падрабязнасьці адносна гэтага вандалізму?”

Буйвал: “Знайшоўся сьведка, сталы чалавек, які жыве непадалёк ад Курапатаў, які чуў шум, трэск, гвалт на тэрыторыі Курапатаў недзе каля 11-й гадзіны 12-га сакавіка. Калі ён прыйшоў, то ўбачыў паламаныя крыжы, але ня бачыў саміх вандалаў. Магчыма, што менавіта ў гэты час і адбыўся акт вандалізму”.

Спадар Буйвал кажа, што народны мэмарыял у Курапацкім лесе патрабуе больш пільнай аховы і абароны.

“Як правіла, расейскія фашысты, сатаністы, якія прыходзяць блюзьнерыць і нішчыць у Курапаты, зьдзяйсьняюць гэтыя акты вандальскія напярэдадні Дзядоў, напярэдадні Дня Волі, як цяпер, і калі расейскія фашысты сьвяткуюць дзень нараджэньня Гітлера ў красавіку”.

“Крыж быў сілай вывернуты, нават у многіх месцах парвалася жалеза”

Спадар Павал, толькі што скончыў рэстаўрацыю крыжа:

“Ён быў сілай вывернуты, нават у многіх месцах парвалася жалеза. Мы ўстанавілі вугалкі, цьвікамі зьбілі. Мы замацавалі да асновы і да крыжа. І зараз будзем устанаўліваць”.

Малады чалавек Вадзім кажа, што на талаку адпрасіўся з заняткаў:

“Гэта абавязак кожнага сумленнага грамадзяніна Беларусі і наогул хрысьціяніна, каб ён прыйшоў сюды і дапамог з працай. Мы бачым, што зрабілі вандалы. Я як блізкім сказаў, ніхто не разумее, як наогул такое можа зрабіць чалавек з крыжамі, і ў такім сьвятым месцы”.

Сярод удзельнікаў талакі лідэр Моладзі БНФ Алесь Каліта:

“Трэба неяк рэагаваць на гэты вандалізм. Тое, што тут творыцца, на жаль, санкцыянуецца ўладай. Трэба проста шанаваць памяць продкаў”.

“Крыжы зламаныя – гэта чыстай вады правакацыя”

У Курапацкім лесе я сустрэў і былога вязьня сталінскага ГУЛАГу Маю Кляшторную. Яна лічыць, што тут адбылася правакацыя:

“Правакуюць увесь час на нейкія дзеяньні ў адказ. І зараз крыжы зламаныя – гэта чыстай вады правакацыя. І невыпадковая правакацыя. Калі вось такія правакацыі будуць, то проста няма руху наперад. Час усё ж такі ўсе скажа – хто гэта робіць і навошта”.