На пытаньні “Праскага акцэнту” адказвае супрацоўніца Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту Алена Ракава.
Ці сапраўды ў беларускай эканамічнай палітыцы абазначыўся паварот у бок лібэралізацыі? У чым прычыны, якія межы і якія небясьпекі гэтай зьмены? Якія сацыяльныя групы зацікаўленыя ў захаваньні і ў зьмене ранейшай эканамічнай палітыкі?
Дракахруст: “Сыгналы таго, што ў беларускай эканамічнай палітыцы адбываюцца перамены, пачалі паступаць яшчэ зь сярэдзіны мінулага году: дастаткова прыгадаць прыватызацыю “Velcom” і вэлязаводу, увесь час ідуць размовы пра прыватызацыю шэрагу іншых прадпрыемстваў, у тым ліку і так бы мовіць “фамільнага срэбра”.
Сёлетняй сэнсацыяй стала скасаваньне інстытуту “залатой акцыі”, адной з істотных перашкодаў на шляху замежных укладаньняў. На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка двойчы сустракаўся з дэлегацыямі брытанскіх бізнэсоўцаў і палітыкаў, абяцаючы самыя спрыяльныя ўмовы для замежных, у прыватнасьці, брытанскіх інвэстыцый.
Ёсьць факты, ёсьць словы – ці ёсьць тэндэнцыя? Ці можна сказаць, што зробленыя істотныя крокі ў накірунку лібэралізацыі нацыянальнай эканомікі, а больш канкрэтна, лібэралізацыі ўмоваў працы замежнага капіталу? У 2001 годзе да і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў таксама было сказана шмат словаў пра лібэралізацыю. Выбары прайшлі, словы расталі ў паветры і ўсё засталося па-ранейшаму”.
Ракава: “Я якраз хацела прыгадаць 2001 – 2002 гады і тыя словы, якія казаліся тады. У параўнаньні з тым часам зараз сапраўды нямала рэальна зроблена, і задэкляравана зрабіць яшчэ больш. Можна, зразумела, спрачацца, мала гэта ці шмат, але я лічу, што гэта – пачатак тэндэнцыі.
Як доўга будзе дзейнічаць гэтая тэндэнцыя, наколькі далёка мы пойдзем у гэтай лібэралізацыі – тут могуць быць розныя меркаваньні. Але на пытаньне, ці ёсьць зьмена трэнду, я адказваю – так, ёсьць”.
Дракахруст: “Якія матывы гэтага павароту эканамічнай палітыкі? Падвышэньне цэнаў на расейскія энэрганосьбіты безумоўна стала выпрабаваньнем для беларускай эканомікі, але калі глядзець на макраэканамічныя паказчыкі, то сытуацыя не выглядае катастрафічнай: інфляцыя ня надта высокая, ВУП расьце, вунь за два першыя месяцы году павялічыўся амаль на 10%. Дык навошта мяняць палітыку, якая, так здаецца, дае эфэкт, дае плён?
Так, лібэральныя эканамісты даўно прапаноўвалі яе зьмяніць, але ў адказ гадамі гучала, што ў Беларусі вынайдзеная цудадзейная мадэль эканомікі, якая квітнее без усіх гэтых прыватызацый, лібэралізацый і іншай замежнай “брыдоты”. І раптам высьвятляецца, што гэта не брыдота, а ледзьве не адзіны сродак уратаваньня. А што ж здарылася, ад чаго ратавацца? Эканоміка як квітнела, так і квітнее, навошта ж тады скароміцца гэтымі лібэралізацыямі-прыватызацыямі?”
Ракава: “Насамрэч, я мяркую, што тут дзейнічае комплекс фактараў. І зьмены адбываюцца на розных узроўнях. Прыватызацыя "Белтрансгазу" – гэта вымушаны крок, я б яго не залічвала ў праявы лібэралізацыі. Тая ж прыватызацыя вэлязаводу была надзвычай цікавай, бо завод знаходзіцца ў цэнтры Менску з дастаткова вялікім кавалкам зямлі. І ў інвэстыцыйным пагадненьні можна запісаць, што мы там працягваем нешта вытвараць, а частку цэхоў вывесьці з вытворчасьці і займацца там будаўніцтвам камэрцыйнай нерухомасьці.
Не сакрэт, што значная частка прамых замежных інвэстыцый – гэта свае ж беларускія грошы, якія ў свой час былі выведзеныя ў кіпрскія ці швайцарскія афшоры. Прыйшоў час іх укладаць у краіну.
На мой погляд, некаторыя зьмены інвэстыцыйнага заканадаўства зьвязаныя з тым, што беларускі капітал сам хоча кудысьці ўкласьціся. Не сакрэт, што значная частка прамых замежных інвэстыцый – гэта свае ж беларускія грошы, якія ў свой час былі выведзеныя ў кіпрскія ці швайцарскія афшоры. Прыйшоў час іх укладаць у краіну. Гэта было ня так складана зрабіць, але трэба было сёе-тое спрасьціць.
Зь іншага боку, сапраўды патрэбны прыток валюты, таму некаторыя зьдзелкі будуць вялікімі продажамі з чыста фіскальнымі мэтамі, бо краіне патрэбныя грошы.
Што тычыцца бізнэсу, то цяжка вылучыць нейкую адну прычыну. Але гайкі закруцілі настолькі, што ўсе пачалі скардзіцца. Прычым скардзіліся ня толькі прыватнікі, многія з гэтых умоваў тычацца і дзяржаўных прадпрыемстваў. І іх тычыцца гэтая рэгуляваньне цэн, да іх таксама, хаця і ня так часта, прыходзяць праверкі, штрафы. І вось колькасьць гэтых скаргаў раней ці пазьней павінна была перарасьці ў якасьць.
На мой погляд, тут важную ролю адыграў і Нацбанк. У нас былі настолькі нізкія крэдытныя рэйтынгі, што ў некі момант людзі ва ўрадзе пачалі казаць: "Ну дзе мы? Паводле рэйтынгу Ўсясьветнага банку мы – на 178 месцы, паводле Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця мы горш, чым Узбэкістан. Ну што гэта такое? Давайце нешта памяняем".
Тут быў комплекс розных фактараў і гульцоў: нацбанк, урад, бізнэсовыя саюзы, рада па замежных інвэстыцыях, міжнародныя фінансавыя арганізацыі – кожны рабіў свой унёсак. Вось пакрысе яно і пачало рушыцца. Яно і далей гэтак жа павольна пойдзе, ня варта думаць, што заўтра мы прачнёмся з двума падаткамі і без цэнавага рэгуляваньня. Такія рашучыя рэформы адбываюцца, калі ў краіне сапраўды ўсё кепска. У выпадку Грузіі за год адбыліся кардынальныя зьмены, бо адкатвацца было ўжо няма куды. У нашым выпадку мы можам казаць толькі пра эвалюцыйныя, паступовыя зьмены”.
Дракахруст: “Існуе простае ўяўленьне, што любое павелічэньне эканамічнай свабоды вядзе да росту дабрабыту. Свабода, у тым ліку і эканамічная, лепш несвабоды. Беларускай эканоміцы свабоды відавочна бракуе. Паводле дадзеных Усясьветнага банку, доля прыватнага сэктару ў стварэньні ВУП Польшчы, Украіны, Літвы, Расеі – больш за 70%, а ў Беларусі – толькі чвэрць. Але ёсьць таксама досьвед гарбачоўскай перабудовы, калі побач з савецкай дзяржаўнай эканомікай дазволілі каапэратывы, зьнялі бар’ер паміж безнаяўнымі і “гатоўкай”. У выніку новыя формы гаспадараньня сталі чыньнікам не ўмацаваньня савецкай эканомікі, а яе разбурэньня.
У цяперашняй беларускай эканоміцы – добра ці кепска, усё неяк падагнана адно да аднаго. Увядзі ў яе нейкія элемэнты эканамічнай свабоды, ці не абрынецца ўся канструкцыя, ці ня высьветліцца, што мяняць трэба ўсё?”
Трэба прымаць рашэньне. А іх толькі два: альбо закручваць гайкі, і мы рушым у накірунку Кубы ці Паўночнай Карэі, альбо мы іх адкручваем.
Ракава: “Часткова Вы маеце рацыю. Мы жывем у сучаснай Беларусі, маем тое, што маем. Але ў любой такой краіне, як наша, – гэта значыць, несвабоднай, несвабоднай эканамічна і палітычна, – ёсьць два варыянты. Такая сыстэма неэфэктыўная, прычым з цягам часу гэтая неэфэктыўнасьць нарастае і ў нейкі момант трэба прымаць рашэньне. А іх толькі два: альбо закручваць гайкі, і мы рушым у накірунку Кубы ці Паўночнай Карэі, альбо мы іх адкручваем. Абодва варыянты кепскія.
Я магу толькі радавацца, што ў нас прынятае рашэньне адкручваць гайкі. Я не выключаю, што тут уплывае досьвед Расеі і Ўкраіны, ён не дае магчымасьці закручваць гайкі, там ёсьць рынак, а нам трэба зь імі ўзаемадзейнічаць. Закручваваньне гаек раней ці пазьней прывядзе да незадавальненьня. І ўжо змагацца зь ім давядзецца мэтадамі жорсткай ваеннай дыктатуры.
Улады бачаць, што прадпрыемствы зараз ужо не вытрымліваюць такую колькасьць занятых, людзей трэба звальняць. Што трэба рабіць? Многія, зразумела, ад'яжджаюць, але ня ўсе, і што зь імі рабіць? Калі ласка – указ пра беспрэцэдэнтныя ільготы для малога бізнэсу ў малых гарадах.
Зразумела, ёсьць страх, і таму ніхто ня робіць рэзкіх рухаў у бок лібэралізацыі. У іх няма і неабходнасьці, бо сыстэма пакуль устойлівая, яна нешта вытварае, падаткі плацяцца, кожны неяк прыстасаваўся. Але натуральна, што ў доўгатэрміновым пэрыядзе ў гэтай сыстэмы ёсьць межы жывучасьці. І чым больш будзе гэтай вымушанай лібэралізацыі, тым больш, як Вы справядліва заўважылі, будзе розных зьменаў”.
Дракахруст: “На мой непрафэсійны погляд, айчынным спрэчкам пра перавагі і хібы розных тыпаў эканамічнай палітыкі бракуе грунту групавых, калі заўгодна – клясавых інтарэсаў. Трэба рабіць ня так, а гэтак, і будзе лепш – гавораць эканамісты. А каму лепш? Усім лепш? Ці сялянам лепш, ці рабочым лепш, ці бюракратыі лепш, ці самім эканамістам лепш? Ці адным лепш, а іншым горш? Якія групавыя інтарэсы стаяць за той ці іншай альтэрнатывай эканамічнай палітыкі?
Зразумела, у дзяржаве з аўтарытарнай формай кіраваньня гэтыя інтарэсы, можа, ня надта бачныя, здаецца, апошняй іх выразнай праявай сталі акцыі пратэсту дробных прадпрымальнікаў. Але як выглядаюць гэтыя розныя варыянты эканамічнай палітыкі, у тым ліку і цяперашняя новая палітыка лібэралізацыі, з гледзішча менавіта групавых інтарэсаў?”
Ракава: “Ну, тут шмат каму выгадна. Рашэньне выкліканае цэлым шэрагам фактараў, і групы інтарэсаў, якія стаяць за ім, таксама розныя. Зразумела, што намэнклятура сябе не забудзе. У сёньняшняй Беларусі, на жаль, мы можам казаць толькі пра намэнклятурную прыватызацыю.
Любая прыватызацыя лепш, чым яе адсутнасьць, хаця зразумела, што яна будзе непразрыстай. Улада сябе не забудзе.
Любая прыватызацыя лепш, чым яе адсутнасьць, хаця зразумела, што яна будзе непразрыстай і ня мы будзем выбіраць зьдзелкі: прадалі аднаму, той перапрадаў яшчэ некаму. Мы ўбачым яшчэ не адну цікавую зьдзелку. Улада свае інтарэсы не забудзе.
Зь іншага боку, ёсьць канкрэтныя інтарэсы тых ці іншых чыноўнікаў. Нацбанк бачыць пагрозу – адмоўнае гандлёвае сальда, якое трэба нечым кампэнсаваць. У яго ёсьць чыста прафэсійны інтарэс, каб забясьпечыць прыток капіталу ў краіну.
На ўзроўні прадпрыемстваў і ўраду прыходзіць разуменьне самага жахлівага, што можа быць зь Беларусьсю – я называю гэта "малдавізацыяй". Калі народ проста зьедзе. Зьяжджаюць жа самыя маладыя, самыя адукаваныя. Ужо зараз гучаць скаргі – няма настаўнікаў, няма дактароў, няма будаўнікоў. Яшчэ 5 гадоў такой палітыкі, і застануцца тут адны пэнсіянэры, усё будзе дорага, і мы будзем жыць на плацяжы тых, што зьехаў у Маскву і адтуль дапамагае бацькам.
Наша сытуацыя дазваляе казаць, што многія выйграюць ад лібэралізацыі. Хаця я ўсьведамляю, што любая лібэралізацыя выкліча расслаеньне, стане больш багатых, але і больш бедных”.