Апытаньне на вуліцах Менску.
Сёньня – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ці захоўваецца выкананьне Асноўнага закону краіны? Ці парушаюцца канстытуцыйныя правы беларускіх грамадзянаў?
Карэспандэнтка: “Ці выконваецца ў Беларусі Канстытуцыя краіны? Ці парушаліся вашыя канстытуцыйныя правы?”
Спадарыня: “Па-праўдзе сказаць, я не адчувала, што ў нас ёсьць парушэньні канстытуцыйных правоў”.
Спадар: “Ніколі. І я стараюся не парушаць”.
Спадарыня: “Калі казаць праўду, то ёсьць моманты, калі Канстытуцыя парушаецца. Ня ўсе яе прытрымліваюцца. І ня ўсе ўвогуле ведаюць свае правы і абавязкі”.
Спадар: “Іншы раз я адчуваю, што мае правы парушаюцца. Але гэта адбываецца ў побытавым і ня значным маштабе. Зь дзяржаўнымі службамі я кантактую вельмі рэдка, а таму не магу сказаць, што я адчуваю такія парушэньні”.
Спадарыня: “Не магу сказаць. Я проста ня ведаю ўсіх сваіх правоў. Не вывучала іх, ня ведаю”.
Карэспандэнтка: “Ці выконваецца ў Беларусі Канстытуцыя краіны? Ці парушаліся вашыя канстытуцыйныя правы?”
Юначка: “Можна з розных бакоў разглядзець пытаньне – парушаецца Канстытуцыя альбо не. Гэта залежыць ня толькі ад людзей, але і ад дзяржавы. Хацелася б, канечне, каб важкасьць Канстытуцыі была большай”.
Юнак: “Тое, што напісанае ў нашай Канстытуцыі – гэта адно. Але яна амаль у нас не выконваецца. Найперш гэта тычыцца таго, як адбываюцца розныя шэсьці і мітынгі. Людзей разганяюць, арыштоўваюць. Таму можна сказаць, што Канстытуцыя ў нас не працуе. І ня толькі ў гэтых сфэрах. Да прыкладу, у галіне той жа адукацыі, мэдыцыны і многіх іншых”.