Сёньня ў Беларускай асацыяцыі журналістаў уганаравалі пераможцаў першага прафэсійнага творчага конкурсу “Вольнае слова”. Сярод пераможцаў конкурсу і нашы калегі — журналісты Радыё Свабода Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
На цырымоніі ўшанаваньня ляўрэатаў старшыня БАЖу Жанна Літвіна распавяла: хтосьці з калегаў аднойчы заўважыў, што БАЖ уручае свае ўзнагароды толькі за нейкія гераічныя высілкі, за самаахвярнасьць, за мужнасьць, працу ў экстрэмальных умовах. А свайго творчага конкурсу ў творчай арганізацыі не было. Так нарадзілася ідэя конкурсу “Вольнае слова”:
“Сёньня вось гэтым конкурсам мы галасуем за талент у журналістыцы. За талент у прафэсіі, я спадзяюся, галасавалі і нашы калегі, якія ўваходзілі ў склад журы”.
У журы ўвайшлі Тацяна Мельнічук, Юлія Слуцкая, Андрэй Аляксандраў, Анатоль Гуляеў, Максім Жбанкоў, Аляксандар Старыкевіч, Андрэй Скурко. Старшыня журы Юрась Карманаў распавёў, паводле якіх прынцыпаў вызначаліся пераможцы:
"Кожны сябра журы атрымаў усе тэксты — а іх было каля 150. І ў кожнай намінацыі ён ацэньваў ня аўтара, а кожны тэкст. Потым балы падсумоўваліся, і той тэкст, які набраў максымальную колькасьць балаў, рабіўся пераможцам у намінацыі. Менавіта зыходзячы з прынцыпаў інфармаваньня, кантраляваньня ўладаў, якаснай, дынамічнай журналістыкі і вызначалі пераможцаў”.
У намінацыі “Лепшы інфармацыйны матэрыял” перамог Зьміцер Панямонаў (“Эўрапейскае радыё для Беларусі” — “На плошчы Незалежнасьці паклалі радыеактыўную плітку”). Другое месца падзялілі Руслан Гарбачоў з баранавіцкага “Intex-press” і Глеб Лабадзенка з “Комсомольской правды” в Белоруссии”, які заўважыў:
“У нас ёсьць конкурсы, дзе вызначаюцца лепшыя паэты, празаікі, драматургі. А журналісты пішуць-пішуць... І калі нешта ня так напішуць — звоняць чытачы... Але адзнака калегаў, адзнака прафэсіяналаў нашмат важнейшая. Тут адзначаюць не на эмоцыях, а адзначаюць паводле ведаў, прафэсіяналізму, карпаратыўнай этыкі”.
Найлепшым аналітыкам прызнаны наш калега Валер Карбалевіч. Праўда, узнагароду ён атрымаў за публікацыю “Інфляцыя аптымізму” ў “Свободных новостях плюс”.
Другая прэмія прысуджаная Віталю Тарасу, былому “свабодаўцу”, які цяпер сталы аўтар “Нашай Нівы”, трэцяя — літаратару Сяргею Законьнікаву.
У намінацыі “Лепшая публікацыя літаратурна-мастацкага жанру” перамог Сямён Печанко (“Наша Ніва”), на другім месцы Алена Чэб з “Брестского курьера”. На трэцім месцы наш калега Віталь Цыганкоў (“Нацыянальная ідэя ўлады — “жывіце і ня думайце”. Віталь Цыганкоў кажа:
“Радасна, што зьявіліся новыя імёны, новыя — у сэнсе ў журналістыцы, якіх не было яшчэ некалькі год назад. Ну і старыя байцы, як бачым, ня трацяць формы. Спадзяюся праз год зноў сустрэцца з вамі”.
У намінацыі “Дэбют” перамог Зьміцер Панкавец з “Нашай Нівы”. І ад сёньня стартаваў новы творчы конкурс БАЖу — “Вольнае слова-2008”.
Віталь Цыганкоў