У райцэнтры Старыя Дарогі ў суботу адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё першага помніка заснавальнікам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Арыгінальны помнік створаны і ўсталяваны на сядзібе музэю выяўленчага мастацтва Анатоля Белага. Падзея прымеркаваная да 90-х угодкаў абвяшчэньня БНР.
Арганізатар урачыстасьці — культурна-асьветніцкі клюб “Спадчына”. Яго старшыня Анатоль Белы паведаміў, што на адкрыцьцё запрошаныя прадстаўнікі замежных амбасадаў, кіраўнікі і сябры апазыцыйных партыяў і рухаў, а таксама ўсе, хто шануе гісторыю Бацькаўшчыны. Пачатак імпрэзы ў Старых Дарогах 15 сакавіка а 14 гадзіне.
Анатоль Белы кажа, што ўпершыню ў Беларусі створаны помнік найбольш знакамітым заснавальнікам БНР.
“Гэта ліст жалеза памерам 1,5 мэтра ўвышыню і 2 мэтры ўшырыню. Наверсе яго надпіс “Заснавальнікам БНР”. Тут жа 18 гарэльефаў, якія адлітыя з мэталу. Таксама мэталічны герб “Пагоня”памерам 65 на 55 сантымэтраў. І шыльда. На ёй напісана: “Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае Беларусь незалежнай і сувэрэннай дзяржавай”.
У сакавіку 1918 году Савецкая Расея і Нямеччына заключылі сэпаратны Брэсцкі мір. Паводле яго, Менск пачалі займаць нямецкія войскі. Савецкае кіраўніцтва ўцякло ў Смаленск. А нацыянальныя сілы тым часам склікалі 25 сакавіка Ўстаноўчы сход. На ім афіцыйнай мовай была прынята беларуская, сталіцай новай дзяржавы стаў Менск. Сымбалямі беларускай дзяржавы былі зацьверджаныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”.
Прозьвішчы тых, хто зацьвердзіў такія рашэньні, называе прафэсар Анатоль Грыцкевіч:
“Сама ініцыятыва абвяшчэньня незалежнасьці БНР належала Віленскай беларускай радзе, якую ўзначальваў Антон Луцкевіч і ў якую ўваходзіў ягоны брат Іван, а таксама шэраг іншых асобаў, у тым ліку Вацлаў Ластоўскі. З гэтым выступалі Аркадзь Смоліч, Язэп Варонка, Пётра Крэчэўскі, Язэп Лёсік, Тамаш Грыб, Іваноўскі, Доўнар-Запольскі. Увогуле, усе беларускія сілы, у тым ліку нават і правыя сілы, гэта значыць прадстаўнікі абшарнікаў, нават і яны стаялі за незалежнасьць БНР”.
Акрамя тых, чые прозьвішчы назваў беларускі гісторык Грыцкевіч, на помніку таксама гарэльефы яшчэ 11 патрыётаў.
Нагадаю, што ўрачыстае адкрыцьцё помніка ў Старых Дарогах папярэднічае асноўным мерапрыемствам у сьвяткаваньні 90-х угодкаў БНР. Пра найбліжэйшыя — сябра Нацыянальнага аргкамітэту Віктар Івашкевіч:
“23-га ў сядзібе Таварыства беларускай мовы і ў сядзібе партыі БНФ будзе адбывацца першая агульнанацыянальная дыктоўка з удзелам вядомых палітыкаў, культурных дзеячаў і грамадзкіх актывістаў. І 25 сакавіка — шэсьце ў Менску па цэнтральных вуліцах. Збор удзельнікаў — а 18 гадзіне на плошчы імя Якуба Коласа”.