Ва ўрочышчы Курапаты — чарговы акт вандалізму. Невядомыя зламалі 36 крыжоў.
Гэта ня першыя выпадкі вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысяч чалавек.
Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на крыжы “Пакутнікам Беларусі”.
Што да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, то налічваееца ўжо дванаццаць выпадкаў вандалізму. У 2002 годзе адрамантаваную каторы ўжо раз лаву Клінтана ўсталёўваў у Курапатах амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.
У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Была заведзеная крымінальная справа, расьсьледаваньне вялося даволі доўга, вінаватых не знайшлі, але на некаторы час у Курапатах міліцыя наладзіла кругласутачнае дзяжурства, але яно працягнулася нядоўга.
Ня раз ламалі і крыжы. У сьнежні 2002 было паламана каля 25 крыжоў. Летась напярэдадні Дзядоў у Курапатах быў зламаны Крыж “Пакутнікам Беларусі. Гэты крыж ў 1989 годзе людзі прынесьлі ў Курапаты на руках ад будынку КДБ. Выглядала, што крыж павалілі з дапамогай аўтамабіля. Тады быў створаны грамадзкі аргкамітэт на чале з Зянонам Пазьняком дзеля аднаўленьня крыжа, і за некалькі дзён да Дзядоў крыж быў адноўлены. Тады ж чарговым разам аднавілі і апаганеную вандаламі Лаву Клінтана.
Летась грамадзкасьць зьвярталася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.