Прадпрымальніку зь Віцебску Сяргею Парсюкевічу выставілі абвінавачаньне паводле 364 артыкулу Крымінальнага кодэксу — “гвалт альбо пагроза гвалту адносна супрацоўніка міліцыі”.
Пра гэта паведаміла нашаму радыё адвакатка прадпрымальніка Вера Страмкоўская. Максымальнае пакараньне, якое пагражае Сяргею Парсюкевічу, — да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
“Мой падабаронны сваёй віны па-ранейшаму не прызнае. Сяргей Парсюкевіч заяўляе, што гэта яго зьбілі, а ня ён”, — сказала Вера Страмкоўская.
Сяргей Парсюкевіч адбыў у менскай турме на Акрэсьціна адміністрацыйны арышт за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Пасьля выхаду на волю прадпрымальнік распавёў, што ў турме яго жорстка зьбілі. “Мяне маглі забіць, калі б я не паклікаў на дапамогу”, — заявіў Сяргей Парсюкевіч.
На пачатку сакавіка актывіста арыштавалі паводле падазрэньня ў нападзе на міліцыянта. “Справу могуць сфабрыкаваць, каб апраўдаць свае беззаконьні”, — казаў перад арыштам Сяргей Парсюкевіч.
Як пачуваецца прадпрымальнік у менскім сьледчым ізалятары?
“Пра ўмовы ўтрыманьня ён нічога не казаў. А вось падчас выстаўленьня абвінавачаньня яму стала блага з сэрцам. Да яго выклікалі доктара”, — распавяла Вера Страмкоўская.