Кнігу мэмуараў прэзыдэнта Рады БНР Івонкі Сурвілы “Дарога” пасьпелі прачытаць пакуль што нямногія. У іх ліку — Аляксандра Макавік, якая была адказным рэдактарам кнігі.
Найперш — яна мастачка. Ва ўсім
Аляксандра Макавік распавядае пра некаторыя нюансы падрыхтоўкі “Дарогі” да друку і пра свае першыя чытацкія ўражаньні.
“Чаго б ні чакалі ад успамінаў прэзыдэнта Рады БНР чытачы, чаканьні ня будуць падманутыя. Даволі разгарнуць гэтую кнігу.
З фота на контратытуле глядзіць дзяўчына, падобная да кіназоркі “новай хвалі”. Заўсёдніца модных кавярань, чытачка Камю, Сартра і Сымоны дэ Бавуар. Вось такая яна — прэзыдэнт.
Калі я пачала чытаць мэмуары, таго здымка яшчэ ня бачыла, але адчула своеасаблівы стыль пісьма і акцэнты аўтаркі.
Найперш — яна мастачка. Ва ўсім. І мастакоўскае ўспрыманьне сьвету з увагай да дэталяў, мімавольнай фіксацыяй вобразаў, колераў, сьвятла для яе вельмі важнае. Вось як яна згадвае ўражаньні ад першай, яшчэ дзіцячай, паездкі ў Вэрсаль: “Дрэвы былі залатыя, неба фіялетавае, палац ружовы — я была захопленая”.
І яшчэ — гэта кніга, напісаная жанчынай. Ня толькі пра грамадзка-важнае і палітычнае — ясна, што і пра гэта — але і пра прыватнае, з апісаньнем, можа, і малаважных для мужчынаў рэчаў. Вось прыгожая дацкая лялька ці шаўковая чорная сукенка з надта ж складанымі дэталямі, пашытая бабуляй, вечарыны, модныя кніжачкі аўтографаў. Мікола Абрамчык запісаў ёй у такую кніжачку: “Маленькай, але бравай беларусцы, Івонцы Шыманец, што так моцна змагаецца за сваю беларускасьць, на ўспамін аб спатканьні ў Капэнгазе”. Яна згадвае канцэрты, вакацыі, сябровак і шмат піша пра сям’ю — мужа і дачушак. Усё гэта лёгка, дарэчна і зь нязьменным густам
Многае, пэўна, засталося і па-за кнігаю
Успаміны яе доўга ня мелі назвы, дакладней, назва мянялася ад “Доўгай дарогі на волю” да “Шляхам жыцьця”, ужо занятых іншымі аўтарамі. І стала ўрэшце проста “Дарогай”. Гэтая мэтафара дужа трапная. Бо шматмоўная прэзыдэнт БНР аб’езьдзіла ці ня ўвесь сьвет.
Многае, пэўна, засталося і па-за кнігаю. Гэта — не падарожны дзёньнік і не падрабязны шляхавод, а хутчэй — контурная карта, дзе-нідзе вымушана стрыманая, а часам з адмысловымі пазнакамі прыгожых мясьцінаў. Асабліва — парыскіх, якія спадарыня Сурвіла раіць адведаць”.