У суседніх краінах больш спрыяльныя ўмовы, меншыя падаткі, не такі жорсткі кантроль, кажуць прадпрымальнікі.
У расейскім абласным горадзе, які крыху большы за Берасьце, падатак 500 расейскіх рублёў — гэта 45 тысяч беларускіх. А ў нас падатак з такога ж самага працоўнага месца – 350 тысяч
Баранавіцкі прадпрымальнік Анатоль Рычкоў згортвае свой бізнэс і зьбіраецца ехаць працаваць у Расею:
“Я былы афіцэр і ня бачу тут для сябе пэрспэктывы. Я, да прыкладу, для сябе прыняў рашэньне, што хачу разьвітацца з “квітнеючай” краінай...”
Карэспандэнтка: “А там лягчэй, прасьцей?”
“Думаю, разоў так у 15. Лічыце: калі ў расейскім абласным горадзе, які крыху большы за Берасьце, падатак 500 расейскіх рублёў — гэта 45 тысяч беларускіх. А ў нас падатак з такога ж самага працоўнага месца – 350 тысяч. Сяміразовы разрыў шмат пра што кажа. Я ведаю шмат людзей з нашага цэнтральнага рынку, якія цяпер завяршаюць справы і востраць лыжы: хто ў Расею, хто ва Ўкраіну”.
Толькі на рынках Берасьця зачынена больш за 600 боксаў і палатак. Таму адміністрацыя ўжо зьвярнулася ў гарвыканкам, каб яшчэ вышэй узьняць арэндную плату з тых, хто застаўся.
Берасьцейцы зараз актыўна перабіраюцца ў суседнюю Валынскую вобласьць — на рынках Луцку, Ковеля, Новавалынску па пятніцах, суботах, нядзелях яны разгортваюць свае гандлёвыя палаткі.
Падаткі ў суседзяў-украінцаў таксама значна меншыя. Патэнт на гандаль каштуе 20 грыўняў, месячная стаўка адзінага падатку — 30 грыўняў. Сябра руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Мікалай Чарнавус кажа, што некаторыя зьяжджаюць назаўсёды:
“На нашым рынку бацька з сынамі займаўся мэбляй, згарнуў станкі, перавёз вытворчасьць у Севастопаль, бо там — свабода. Да мяне прыяжджала пляменьніца з-пад Кіева 3 гады таму, я ёй паказваю свае пляны, свае эскізы, кажу, што я хачу ў Баранавічах пабудаваць кафэ. Да сёньняшняга дня паперы зьбіраю. А яна адкрыла ўжо трэцяе кафэ. Вось вам Украіна, вось вам Беларусь”.
Прадпрымальнікі рэгіёну зьвярнуліся да Юшчанкі, каб разьмясьцілі гуртавыя рынкі ў пяцікілямэтровай зоне ад мяжы зь Беларусьсю
Тым прадпрымальнікам, хто застаецца працаваць у Беларусі, даводзіцца цяпер самім езьдзіць па тавар ва Ўкраіну, Расею, стаяць за прылаўкам, бо найманых працаўнікоў яны мусілі звольніць. Нядаўна ініцыятыўная група руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” накіравала зварот да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі і прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі. Гаворыць Мікалай Чарнавус:
“Прадпрымальнікі рэгіёну зьвярнуліся да Юшчанкі, каб разьмясьцілі гуртавыя рынкі ў пяцікілямэтровай зоне ад мяжы зь Беларусьсю. Прадпрымальнікі ж звольнілі сваіх наёмных працаўнікоў, самі сталі за прылаўкі. Часу няма, зашыліся ўжо ў працы. Масква, Хмяльніцкі вельмі шмат часу выбіваюць у людзей”.
Прадпрымальнікі прыводзяць у прыклад Польшчу, якая падцягнула свае гуртавыя рынкі харчаваньня, будаўнічых матэрыялаў да заходняй мяжы, і спадзяюцца, што ўкраінскі бок пойдзе ім насустрач.