Пра што пісалі беларускія газэты 13 сакавіка ў розныя гады мінулага.
“Звязда” ў 1938 годзе друкуе прамову пракурора СССР А.Вышынскага: “Уся наша краіна, ад малога да старога, чакае і патрабуе аднаго: здраднікаў і шпіёнаў, прадаваўшых ворагу нашу радзіму, расстраляць, як паганых псоў! Патрабуе наш народ: раздавіце праклятую гадзіну! Пройдзе час. Магілы ненавісных здраднікаў зарастуць бур’янам і чартапалохам, пакрытыя вечным прэзрэннем чэсных совецкіх людзей, усяго совецкага народа”.
“ЛіМ” у 1948 годзе ў рэдакцыйным артыкуле пад загалоўкам “Узняць узровень крытыкі” адзначае: “Нашы крытыкі амаль зусім не вялі барацьбы супраць фармалізма. Больш таго, праявы фармалізма мы знаходзім у работах саміх крытыкаў. У апраўданне антынароднай тэорыі аб тым, што масы не могуць зразумець складаны музычны твор, некаторыя крытыкі-музыказнаўцы ў сваіх артыкулах так “растлумачвалі” твор масам, што гэтае тлумачэнне было яшчэ больш незразумелым, чым сам твор”.
“Народная воля”, год 1998. Газэта пераказвае інтэрвію А.Пупейкі польскай газэце “Życie”: “Па словах бізнесмена, яму вядома, дзе знаходзяцца грошы Лукашэнкі, выручаныя ад нелегальнай гаспадарчай дзейнасці... Усяго, па сцвярджэнні Пупейкі, “на замарожаных рахунках Лукашэнкі знаходзяцца сумы каля некалькіх соцень мільёнаў даляраў”... Валоданне гэтай інфармацыяй, па словах бізнесмена, і ёсць галоўная прычына, па якой беларускія ўлады праследуюць яго. “Поўнасцю бяспечны для іх я толькі мёртвы”, — лічыць А.Пупейка”.