“Гаспода” – так называецца выстава графікі Рыгора Сітніцы, якая сёньня ўвечары адчынілася ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.
Яна прымеркаваная да нядаўняга пяцідзесяцігодзьдзя мастака. Сам спадар Сітніца кажа, што прысьвяціў сваю выставу не асабістаму юбілею, а агульнанацыянальнаму – 90-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Але сьвята мастаку папсавала цэнзура. Яму паведамілі, што ён мусіць неадкладна зьняць з экспазыцыі твор пад назовам “Рубон”, на якім пільныя супрацоўнікі ўбачылі крамолу ў выяве нацыянальнага сьцяга. Рыгор Сітніца пагадзіўся замяніць “Рубон” іншым творам.
“Не зьляціць у мяне карона, але і Рубон не аціхне на нашай зямлі. Рубон ёсьць, Рубон будзе, Рубон ратуе Беларусь”.
У экспазыцыі “Гаспода” – больш за пяцьдзесят твораў апошніх гадоў. Гэта зробленыя пераважна алоўкам выявы помнікаў нацыянальнай архітэктуры, фрагмэнты вясковых сядзібаў, побытавыя прадметы. Рыгор Сітніца любіць вымалёўваць дэталі, надае загадкавасьці простым рэчам. Пад рукой мастака яны апынаюцца ў ідэальнай пазачасавай прасторы, набываюць містычнасьць і годнасьць. Мастацтвазнаўца Яўген Шунейка лічыць гэты бок таленту Рыгора Сітніцы найбольш адметным.
“Мастак такім чынам сьцьвердзіў сваю сур’ёзную творчую пазыцыю, можна лічыць, што гэта – адзін зь лідэраў нашай сталай графікі. Ён выдатна валодае і афортам, і літаграфіяй, і я думаю, што і алейны і акварэльны жывапіс яму па плячы. Гэтыя тэмы ў яго творчасьці будуць пашырацца, зьявяцца новыя ракурсы нашых культурных каштоўнасьцяў. Яму ёсьць што сказаць”.
А сказаць Рыгор Сітніца хоча найперш пра сваю любоў да радзімы, якой і прысьвяціў выставу.
“Усё, што я раблю, я прысьвячаю сваёй Бацькаўшчыне і тым, хто яе любіць”.
Амаль адначасова з гэтаю менскаю выставай у Страсбуры адчынілася выстава сяброў творчае суполкі “Пагоня”, у экспазыцыі якой – і творы Рыгора Сітніцы. Такое супадзеньне вельмі цешыць мастака.
“Беларусы павінны быць паўсюль. Мы павінны сьцьвярджаць сябе на ўсёй зямлі як культурная эўрапейская дасканалая нацыя”.