Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 12 сакавіка. Удзельнікі: старшыня зарэгістраванага ў Польшчы Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў і намесьнік галоўнага рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч.
ЗША адклікаюць сваю амбасадарку ў Беларусі Карэн Ст’юарт для кансультацый. Чаму не рэалізаваўся плян афіцыйнага Менску нармалізаваць дачыненьні з Захадам? Чым патлумачыць зьмену пазыцыі ЗША адносна адкліканьня сваёй амбасадаркі зь Беларусі? Чаму Эўразьвяз не рэагуе публічна на беларуска-амэрыканскі канфлікт?
Чаму ня вызвалілі Казуліна?
Валер Карбалевіч: “Здавалася, што беларуска-амэрыканскі дыпляматычны канфлікт пасьля абвастрэньня 7 сакавіка ідзе да затуханьня. Але адкліканьне Злучанымі Штатамі сваёй менскай амбасадаркі сьведчыць пра тое, што канфлікт разьвіваецца. І пазыцыя ЗША — жорсткая. З інтэрвію намесьніка памочніка дзяржсакратара Дэвіда Крэймэра інтэрнэт-рэсурсу “Белорусские новости” вынікае, што галоўны пункт супярэчнасьцяў — праблема вызваленьня Казуліна. Высьвятляецца, што беларускія ўлады абяцалі вызваліць галоўнага палітвязьня і ў лютым, і пазьней, пасьля пахаваньня ягонай жонкі. Гледзячы па ўсім, сапраўды такія пляны былі. Інакш страчвае сэнс вызваленьне іншых палітвязьняў.
Але, мусіць, у гэтым пляне нешта зламалася. Казулін застаўся за кратамі. У выніку адбываецца эскаляцыя беларуска-амэрыканскага канфлікту. Дык што перашкодзіла беларускім уладам рэалізаваць свой плян прарыву на Захад?”
Ігар Лялькоў: “У інтэрвію Крэймэра ўвага акцэнтуецца на вызваленьні Казуліна. Гэта адзінае пытаньне сёньня, якое перашкаджае пачаць рэальны працэс перамоваў паміж ЗША і Беларусьсю.
Беларускія ўлады імкнуліся выканаць сваё абяцаньне. Казуліну прапаноўвалася эміграваць у Нямеччыну. А ён адмовіўся. Пасьля гэтага безумоўнае вызваленьне Казуліна з гледзішча ўладаў выглядала б як праява слабасьці.
Акрамя таго, думаю, прадстаўнікі сілавых ведамстваў настойвалі, каб да 25 сакавіка Казуліна не вызвалялі. Магчыма, яго выпусьцяць пасьля 25 сакавіка. Але магчымая рэакцыя ЗША ня ўлічвалася. У выніку атрымалі тое, што атрымалі”.
Віктар Марціновіч: “Плян быў добры. Але яго паламаў Казулін. Гэты плян быў разьлічаны на палітыка традыцыйнага тыпу. Яму прапанавалі вызваленьне ў абмен на эміграцыю. Звычайна беларускія палітыкі на гэта згаджаюцца. Але Казулін адмовіўся пісаць прашэньне на імя Лукашэнкі і эміграваць у Нямеччыну. Ён адмовіўся гуляць па правілах улады. Таму плян і рухнуў.
Цяпер вызваляць Казуліна аднолькава небясьпечна як да 25 сакавіка, так і пасьля гэтай даты. Усе лічаць, што пасьля вызваленьня ён пачне актыўна дзейнічаць і разбурыць палітычную стабільнасьць”.
Чаму ЗША адклікаюць амбасадарку?
Карбалевіч: “Пазыцыя Дзярждэпартамэнту ЗША вонкава выглядае непасьлядоўнай. 7 сакавіка, калі МЗС Беларусі адклікала свайго амбасадара ў Вашынгтоне Хвастова і рэкамэндавала спадарыні Ст’юарт пакінуць Менск, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту спачатку заявіў, што амэрыканская амбасадарка зьедзе, а потым — што яна застаецца ў Менску.
І вось празь пяць дзён ЗША ўсё ж адклікаюць сваю амбасадарку ў Беларусі Карэн Ст’юарт для кансультацый. У чым прычына такой зьмены пазыцыі ў гэтым пытаньні?”
Лялькоў: “Увогуле, адкліканьне амбасадара для кансультацыяў — справа дастаткова звычайная ў дыпляматычнай практыцы ў пэрыяд канфліктаў паміж дзяржавамі. На дыпляматычнай мове гэта азначае, што краіна, якая адклікае амбасадара для кансультацыяў, незадаволеная разьвіцьцём адносінаў з той краінай, дзе гэты амбасадар быў. ЗША падкрэсьліваюць, што гэтыя кансультацыі будуць кароткатэрміновымі.
Чаму пазыцыя Дзярждэпартамэнту адносна амбасадаркі ў Беларусі зьмянілася? Магчыма, разьлічвалі на зьмякчэньне пазыцыі беларускага боку.
Магчымы і такі варыянт, што беларускі бок папярэдзіў: калі спадарыня Ст’юарт ня зьедзе, то могуць быць правакацыі супраць амэрыканскай амбасады.
Таму ЗША сваім апошнім рашэньнем імкнуцца не даводзіць сытуацыю да такога стану, пасьля якога разьвіцьцё падзеяў можа выйсьці з-пад кантролю і ня будзе шляху назад. Таму няхай жарсьці аціхнуць. Лічу, гэты крок вядзе не да эскаляцыі канфлікту, а наадварот, да яго затуханьня”.
Марціновіч: “Я ня бачу супярэчнасьці паміж ранейшай пазыцыяй дзярждэпартамэнту ЗША і цяперашняй. Пасьля пагрозы Лукашэнкі “вышпурнуць” амэрыканскага амбасадара справа стаяла так, што калі б ЗША адразу адклікалі спадарыню Ст’юарт 7 сакавіка, то гэта выглядала б, нібыта беларускія ўлады выканалі сваю пагрозу.
Таму ЗША паводзяць сябе як звышдзяржава. У заяве прадстаўніка дзярждэпартамэнту 7 сакавіка казалася, што спадарыня Ст’юарт застаецца ў Менску да той пары, “пакуль мы не ацэнім сытуацыю”. Цяпер, вытрымаўшы паўзу, амбасадарку адклікалі для кансультацый”.
Якая рэакцыя Эўразьвязу на беларуска-амэрыканскі канфлікт?
Карбалевіч: “Ніякіх публічных заяваў афіцыйных асобаў Эўразьвязу (ЭЗ) наконт гэтага канфлікту не было. Ці азначае гэта захаваньне нэўтралітэту?”
Лялькоў: “Паглядзім на сытуацыю з фармальнага боку. Адбываецца канфлікт дзьвюх дзяржаваў, ніводная зь якіх не зьяўляецца сябрам ЭЗ. Чаму Эўразьвяз павінен публічна рэагаваць?
Магчыма, ЭЗ і ЗША гуляюць зь Беларусьсю ў добрага і злога паліцэйскага. Але, думаю, на ўзроўні кулюарных дыпляматычных кансультацый ЭЗ даводзіць Менску сваю пазыцыю. І думаю, што яна ня розьніцца прынцыпова ад пазыцыі ЗША. Дарэчы, ЭЗ нядаўна выказаў сваю думку пра сытуацыю ў Беларусі ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту.
Думаю, калі далей сытуацыя ў Беларусі ня будзе разьвівацца шляхам дэмакратызацыі, то наступным крокам ЗША можа быць схіленьне ЭЗ да таго, каб далучыцца да амэрыканскіх санкцыяў. Вось тады для Беларусі настануць цяжкія часы. Таму я б не лічыў гэтую пазыцыю ЭЗ нэўтралітэтам”.
Марціновіч: “Існуюць два тыпы дыпляматычных дзеяньняў. Адзін тып — гэта публічныя заявы. Другі тып — дыпляматычныя кансультацыі, пра якія мала хто ведае, пакуль не агучаныя іх вынікі.
Думаю, той факт, што ЭЗ маўчыць, азначае, што цяпер ідуць нейкія кансультацыі, магчыма, трохбаковыя: Беларусь, ЭЗ, ЗША. Цяпер беларуская дзяржаўная прапаганда спэкулюе, што нібыта ЗША ўвялі санкцыі супраць Беларусі, каб перашкодзіць нашаму сяброўству з Эўропай. Таму, магчыма, хутка зьявіцца заява ЭЗ, якая расставіць кропкі над “і”.
Відавочна, што ў той момант, калі ЭЗ далучыцца да амэрыканскіх санкцыяў супраць “Белнафтахіму”, Беларусь выканае ўсе патрабаваньні заходніх краін”.