У пракуратуру Беларусі зьвярнуліся грамадзяне Алена Калпакова, Юры Пашкевіч і Аляксей Берасьнеў, якія патрабуюць завядзеньня крымінальнай справы на супрацоўнікаў ДАІ. Грамадзяне сьцьвярджаюць, што міліцыянты, каб спыніць нецьвярозага кіроўцу, стварылі “жывы шчыт” з іх аўтамабіляў, з-за чаго яны ледзь не загінулі.
Інцыдэнт адбыўся 2-га сакавіка на 8-ым кілямэтры шашы Менск-Слуцк, каля пасёлку Сеньніца. “А 21.30 на шашы мяне спыніў інспэктар ДАІ, як і іншыя аўтамабілі. Стаць на ўзбочыну не дазволілі, выйсьці з аўтамабіля таксама. І хутка – моцны ўдар у капот майго аўтамабіля. Мы ледзь засталіся жывыя. Аказалася, намі зьбіраліся спыніць нецьвярозага кіроўцу. Міліцыянты потым казалі: “Мы ня думалі, што ён не спыніцца...” — паведаміла Алена Калпакова.
Вэрсію ДАІ адносна інцыдэнту высьветліць не ўдаецца. Усе тэлефоны прэсавай службы, уключна з мабільнымі, пакуль не адказваюць.