“Дарога” — так называецца новая кніга сэрыі “Бібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя”, якая толькі што выйшла з друку.
Прэзэнтацыя кнігі "Дарога" - у панядзелак, 17 сакавіка, 1800. у сядзібе БНФ. Менск, вул. Варвашэні, 8.
Кнігу склалі мэмуары старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы. Адным зь першых “Дарогу” прачытаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Сёньня ён дзеліцца сваімі чытацкімі ўражаньнямі з нашымі слухачамі.
Каля майго пісьмовага стала на кніжнай паліцы ўжо даўно стаіць паштоўка з партрэтам сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, аўтарства якога належыць Івонцы Сурвіле. Цяпер побач з паштоўкаю заняла ганаровае месца кніжка Івонкі Сурвілы “Дарога”, якую я прачытаў, напэўна, адным зь першых. Я хачу сказаць, што падчас чытаньня мяне неаднойчы наведала такое незвычайнае пачуцьцё, як быццам я п’ю сьвежы сакавіцкі бярозавік.
“Дарога” — гэта мэтафара жыцьця нашай выдатнай суайчыньніцы. І дарога Івонкі Сурвілы — для мяне яшчэ адно сьведчаньне эўрапейскасьці нашага народу, бо жыцьцёвымі прыстанкамі Івонкі была і Сарбона ў Парыжы, быў Мадрыд, адкуль яна ўдзельнічала ў трансьляцыі беларускіх радыёперадач, і Атава ў Канадзе... І ўсюды Івонка Сурвіла заставалася беларускай і працавала дзеля Беларусі.
Уся кніга чытаецца зь вялікай цікавасьцю, але для сябе я вылучыў тры разьдзелы. Найперш — гэта разьдзел пра Васіля Быкава. Івонка цытуе ягоныя словы пра тое, што БНР — гэта сьвечка надзеі. Гэтая сьвечка сьвяціла Васілю Ўладзімеравічу, яна сьвеціць Івонцы і сьвеціць тысячам і, напэўна, ужо мільёнам беларусаў.
Наступны разьдзел, які чытаўся зь ня меншай цікавасьцю, — гэта “Старшынёўства ў Радзе БНР”. Мне вельмі блізкія разважаньні Івонкі пра тое, чаму ў 1918 годзе Эўропа не падтрымала незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Напэўна, сапраўды, яшчэ і таму, што Беларусь тады ня мела такой сьвядомай дыяспары, якую мае цяпер, і сьвет ня ведаў пра беларускі народ, як піша Івонка, так, як ведае сёньня.
І яшчэ адзін разьдзел, які я чытаў з асаблівай увагай, — гэта разьдзел “Выдатныя жанчыны”. У гэтым разьдзеле Івонка піша пра сваю маці Эвэліну, пра Алу Орса-Рамана, пра Лёлю Міхалюк, пра Раісу Жук-Грышкевіч, пра іншых вядомых і заслужаных прадстаўніц нашай дыяспары. Калі я напішу кнігу пра выдатных жанчын Беларусі, там абавязкова будзе разьдзел пра саму Івонку Сурвілу, сёмага прэзыдэнта Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.