Сёньня прадстаўнікі руху “За свабоду”, які ачольвае Аляксандар Мілінкевіч, чарговы раз перадалі ў міністэрства юстыцыі дакумэнты на рэгістрацыю.
Устаноўчы сход гэтай грамадзкай арганізацыі адбыўся ў лютым у Магілеве.
Гэта ўжо трэцяя спроба руху афіцыйна зарэгістравацца. Раней ініцыятары праводзілі падобныя сходы ў Горадні і Менскім раёне. Аднак абодва разы міністэрства юстыцыі, спасылаючыся на розныя парушэньні, адмаўляла ім у рэгістрацыі. Абедзьве спробы абскардзіць гэтыя рашэньні міністэрства ў Вярхоўным судзе Беларусі таксама посьпеху не прынесьлі — вышэйшая судовая інстанцыя краіны не знаходзіла ў дзеяньнях міністэрства парушэньняў дзейнага заканадаўства.