Чаго чакаць ад адкрыцьця прадстаўніцтва Эўракамісіі?

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 7 сакавіка.

У Брусэлі падпісана пагадненьне аб адкрыцьці ў Беларусі прадстаўніцтва Эўракамісіі. Чаму так доўга цягнулася вырашэньне гэтага пытаньня? Чаму цяпер беларускія ўлады ўсё ж пагадзіліся на адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску? Ці паўплывае гэта наўпрост на дачыненьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?

Удзельнікі: былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі і палітоляг Алесь Лагвінец.


Аб чым ішоў торг?
Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: “Пытаньне аб адкрыцьці ў Беларусі офісу Эўракамісіі цягнецца зь лета 2005 году. Вырашэньне праблемы тармазілі беларускія ўлады. Чаго яны хацелі, чаму так доўга не давалі дазволу, што хацелі вытаргаваць у Эўразьвязу (ЭЗ)?”

Пятро Садоўскі: “А чаму гэтае прадстаўніцтва абавязкова павінна быць у Беларусі? Гэта не відавочна. Гады 3—4 таму мы з дэлегацыяй беларускіх дэмакратаў абмяркоўвалі гэтае пытаньне ў Бэрліне. І тады сп. Вік абяцаў лабіраваць гэтую ідэю.

Ішло павольнае збліжэньне пазыцый афіцыйнага Менску і ЭЗ. Кіраўніцтва Беларусі вяртаецца да рэальнасьці. Сытуацыя прымушае супрацоўнічаць з Эўропай”.

Алесь Лагвінец: “Праблема доўга вырашалася па віне беларускіх уладаў. Гэта тэхнічнае пытаньне, якое павінна вырашацца на падставе ўзаемнасьці. Бо прадстаўніцтва Беларусі пры эўрапейскіх інстытутах існуе. Для гэтага ёсьць юрыдычная база: дамова аб партнэрстве паміж ЭЗ і Беларусьсю, падпісаная ў 1995 годзе. Вядома, што ёсьць прадстаўніцтва Эўракамісіі для Ўкраіны і Беларусі, якое знаходзіцца ў Кіеве. А ў Менску не было.

Беларусь ня вельмі была зацікаўлена ў разьвіцьці дачыненьняў з ЭЗ. Хоць гэта адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам”.

“Комплекс Віка”?

Карбалевіч: “Магчыма, акрамя атрыманьня нейкіх канкрэтных саступак з боку ЭЗ, у стаўленьні беларускіх уладаў да дыпляматычнага прадстаўніцтва Эўракамісіі спрацоўваў “комплекс Віка”. Сп. Вік быў кіраўніком кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі і рабіў вельмі актыўныя захады дзеля дэмакратызацыі Беларусі, шчыльна супрацоўнічаў з апазыцыяй. Гэта моцна напужала беларускія ўлады, быў востры канфлікт, і сп. Віка выціснулі з краіны. Пасьля гэтага быў моцна падрэзаны мандат прадстаўніцтва АБСЭ. Таму цяпер афіцыйны Менск, магчыма, баяўся, каб і з новым прадстаўніцтвам Эўракамісіі не атрымалася падобнай гісторыі. Што вы думаеце наконт гэтага?”
Пятро Садоўскі

Садоўскі: “Кансультатыўна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі на чале зь Вікам была вельмі палітызаванай структурай. Прадстаўніцтва Эўракамісіі — гэта не дыпляматычнае прадстаўніцтва ў поўным сэнсе. Яно мае большую палітычную вагу, чым офіс АБСЭ. Бо вага ЭЗ большая, чым вага АБСЭ”.

Лагвінец: “Я б ня зьвязваў адно з другім. Беларускія ўлады проста вялі гульню з ЭЗ”.

Садоўскі: “Гэта не зусім гульня. Ёсьць комплекс трансгранічных інтарэсаў, абавязацельстваў і дамоваў паміж Беларусьсю і ЭЗ. І гэтае прадстаўніцтва будзе тэхнічна дапамагаць іх выконваць”.

Лагвінец: “Беларускія ўлады зацягвалі вырашэньне тэхнічнага пытаньня, каб атрымаць канкрэтныя дывідэнды. Менск зацікаўлены ў супрацоўніцтве з ЭЗ у гандлі, энэргетыцы, але ня ў поўнамаштабным супрацоўніцтве, у тым ліку з грамадзянскай супольнасьцю”.

Чаму Беларусь пагадзілася на адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі?

Карбалевіч: “Гэта тэхнічнае пытаньне, але яно мае выразны палітычны кантэкст. Чаму ж цяпер беларускія ўлады ўсё ж пагадзіліся на адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску? Ці сьведчыць гэта пра новы трэнд, пацяпленьне ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?

Садоўскі: “Пасьля скарачэньня расейскіх субсыдый кіраўніцтва Беларусі зразумела, што трэба жыць па сродках. І ня трэба палітызаваць гэтую падзею, а глядзець на яе больш эканамічна. Трэба ісьці насустрач ЭЗ. Вось дзеля гэтага і “залатую акцыю” скасавалі. Калі мы, як літоўцы, прадамо кавалак нейкага трубаправоду Нямеччыне, а ня толькі Расеі, то будзе добра. У гэтым рашэньні Менску ёсьць цьвярозы падыход”.
Алесь Лагвінец

Лагвінец: “Прэзыдэнцкі ўказ аб адкрыцьці гэтага прадстаўніцтва быў прыняты раней. Гэтыя рухі варта разглядаць у кантэксьце дачыненьняў Беларусі з Расеяй. Гэта пазытыўны момант, але не прынцыповая зьмена палітыкі Беларусі ў дачыненьні да ЭЗ”.

Як паўплывае гэтая падзея на стасункі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?

Карбалевіч: “Якія практычныя наступствы адкрыцьця прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі? Ці паўплывае гэта наўпрост на дачыненьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?”

Садоўскі: “Я б не ўскладаў асаблівых палітычных спадзяваньняў на гэтае пагадненьне. Калі казаць пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, то яна будзе разьвівацца так: некага выпусьцілі, некага пасадзілі.

Адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі станоўчае тым, што будзе прамы кантакт кіраўніцтва Беларусі і ЭЗ. Трэба адзначыць, што апошнім часам ЭЗ палявеў, стаў больш прагматычным. Думаю, прадстаўніцтва будзе канцэнтраваць увагу не на палітычных пытаньнях, а на практычных рэчах. І беларускі бок таксама будзе схіляць дачыненьні ў бок эканомікі”.

Лагвінец: “Адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі стварае магчымасьць палепшыць дачыненьні паміж Менскам і Брусэлем. Гэта будзе азначаць большую прысутнасьць ЭЗ у Беларусі. У офісе Эўракамісіі ў Менску зьявяцца супрацоўнікі, якія будуць вывучаць сытуацыю ў краіне. І гэта важна для эўрапеізацыі Беларусі.

Грамадзянская супольнасьць Беларусі разьлічвае, што супрацоўніцтва будзе ісьці паводле мадэлі дзяржаваў-кандыдатаў у сябры ЭЗ. Напрыклад, беларускае заканадаўства будзе разглядацца на прадмет яго адпаведнасьці эўрапейскаму заканадаўству. І ў гэтым патэнцыйна я бачу пазытыўную ролю, якую можа выконваць прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі”.