У Аб’яднанай Грамадзянскай партыі (АГП) істотнае абнаўленьне кадраў.
Напярэдадні зьезду партыі, які заплянаваны на канец красавіка, у раённых арганізацыях прайшлі справаздачна-выбарныя канфэрэнцыі. Першыя вынікі прызначэньня на пасады кіраўнікоў рэгіянальных суполак сьведчаць, што пад сьцягі АГП пераходзяць пераважна маладыя людзі.
Яшчэ адна адметнасьць – інтарэс да арганізацыі з боку прадпрымальнікаў, якія напачатку 2008 году ўжо вызначыліся сваёй палітычнай актыўнасьцю.
Шмат якія апазыцыйныя партыі ўжо сутыкнуліся з кадравай праблемай: людзі ў немалой ступені расчараваныя і ўладамі, і апазыцыяй, што не спрыяе палітычнай актыўнасьці. Аднак у штабе АГП кажуць, што агульны крызыс іх моцна не зачапіў, а ў партыю цяпер імкнуцца мэтанакіравана.
У якасьці прыкладу там спаслаліся на вынікі выбараў старшыняў раённых арганізацый АГП у Менску. Усе кіраўнікі філіяў, абраныя напярэдадні партыйнага зьезду - маладыя людзі ва ўзросьце да 35 гадоў.
Чым увогуле выкліканая неабходнасьць кадравага абнаўленьня? З такім пытаньнем зьвяртаюся да старшыні АГП Анатоля Лябедзькі:
“Таму што мы законапаслухмяныя. У гэтым годзе ў нас будзе зьезд, і напярэдадні праводзяцца справаздачна-выбарныя сходы і канфэрэнцыі па ўсёй краіне. Адметнасьць Менску ў тым, што ў нас насамрэч адбываецца даволі інтэнсыўны прыток новых людзей, дзьве вялікія групы – моладзь і прадпрымальнікі. Якраз вось з гэтых групаў ідзе камплектаваньне новых кіраўнікоў. Ім не хапае, можа, досьведу, але ў іх ёсьць добрая пазытыўная энэргетыка і скіраванасьць на працу. І калі мы дадзім ім нейкія навыкі адміністратыўнай, арганізацыйнай працы, то, думаю, гэта будзе ўзмацненьне і гарадзкой арганізацыі, і іншых арганізацый у рэгіёнах”.
Сярод новых старшыняў суполак АГП ёсьць і знаёмыя асобы. Адзін зь іх - Алег Корбан, у нядаўнім актывіст “Маладога фронту”. Роўна год таму Корбан быў фігурантам у справе “ўдзелу ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі”, утрымліваўся ў сьледчым ізалятары КДБ. Летась Алег Корбан стаў сябрам АГП, а днямі абраны кіраўніком арганізацыі Партызанскага раёну Менска. “Партызанская” дзялянка для яго ня новая, паколькі ў гэтым раёне ён актыўна працаваў на дэмакратычнай ніве яшчэ ад часоў “Маладога фронту”, дапамагаў іншым арганізацыям.
Цікаўлюся ў Алега: ці вялікая была канкурэнцыя на пасаду кіраўніка раённай суполкі?
“Не, у прынцыпе асаблівай канкурэнцыі не было”.
Карэспандэнт: “Тое, чым вы займаліся ў “Маладым фронце” і вось цяпер у АГП – шмат мае агульнага?”
“Агульнае – гэта змаганьне за свабоду, за незалежнасьць, за дэмакратыю, за зьмены ў нашай краіне. У нас зараз адна галоўная задача – скінуць гэты рэжым. Партыя АГП дае такі досьвед, больш сур’ёзны падыход да агульнай працы”.
Зьезд Аб’яднанай Грамадзянскай партыі заплянаваны на 20 красавіка. Дзеля яго арганізацыі створана некалькі працоўных групаў. Вылучэньне дэлегатаў у многіх раёнах Менска і за яго межамі ідзе на канкурэнтнай аснове. Што, на думку спадара Лябедзькі, у цяперашніх умовах таксама пазытыўны штрых:
“Гэта сьведчыць, што не балотны стан, а ўсё ж ёсьць дынаміка. І нягледзячы на тое, што партыі працуюць у надзвычай складаных умовах, пад пастаянным прэсінгам, і што тут няма ніякай кар’еры, няма заробнай платы, але тое, што людзі ідуць у палітычныя арганізацыі, у партыі, то прынамсі мяне гэта цешыць. Асабліва ў кантэксьце будучай выбарчай кампаніі”.
Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, фармат будучага зьезду АГП пакуль ня вызначаны. Але – не па віне партыйцаў:
“Пакуль незразумела, што будзе з месцам правядзеньня зьезду. Нам далі ўжо недзе каля 12-ці адмоваў на атрыманьне залі. Але пакуль яшчэ не ад усіх адказ маем, таму будзем спадзявацца, што ўсё ж знойдзецца месца для правядзеньня зьезду ў Беларусі”.
Варыянт выязнога зьезду наўрад ці задаволіць самога Анатоля Лябедзьку – на пачатку году ён першы трапіў у сьпіс невыязных беларускіх палітыкаў.