Агляд беларускага сеціва.
На форумах парталу Tut.by камэнтуюць заяву МЗС Беларусі пра адкліканьне амбасадара Міхаіла Хвастова з ЗША для кансультацыяў у сувязі з уводам дадатковых эканамічных санкцыяў супраць дзяржаўнай кампаніі “Белнафтахім”. Афіцыйны Менск рэкамэндаваў амбасадару ЗША Карэн Ст’юарт пакінуць краіну. Камэнтары:
“Відаць, знайшлі Сашавы мільярды... Цяпер пойдзе мачылава, што ў халопаў чубы затрасуцца”;
“А хтосьці распавядаў, маўляў, нам рахункі ў ЗША не патрэбныя... А як прышчамілі адно месца, дык заенчылі”;
“Няўжо закрыюць “Макдоналдз”?”;
“Горш – нацыяналізуюць”;
“Дзіўна... АБСЭ ўвесь час ганілі, а цяпер у АБСЭ просяць абарону”.
Камэнтары на форумах “Хартыі-97”:
“Выдатна! Прыціснулі Лукашэнку хвост яшчэ болей!”;
“Апэратыўна адрэагавалі на адмову выпусьціць Казуліна! Цікава, што менавіта за санкцыі. Мабыць, круцей, чым замарожваньне рахункаў “Белнафтахіму” зь некалькімі тысячамі баксаў, калі амбасадары паедуць дамоў”;
“Брава, ЗША!”
У Брусэлі 7 сакавіка Беларусь і Эўразьвяз падпісалі пагадненьне пра адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску. Водгук на гэтую падзею на сайце “Хартыі-97”: “Выдатны кантраст з артыкуламі пра адкліканьне амбасадараў Беларусі/ЗША”.
Пісьменьнік і выдавец Міраслаў Адамчык у сваім блогу піша пра творчых людзей і алькаголь. Сюжэт рэальнай гісторыі базуецца на тым, што адзін мастак захацеў кінуць піць з дапамогай нарколягаў. Нарколяг папярэдзіў жонку мастака, што разам з алькаголем чалавек разьвітваецца і з былой сям’ёй – пачынае жыцьцё з новага ліста. Але мастак ня кінуў сям’і: “Піў, як п’юць мастакі: за мастацтва, за жыцьцё, за творчыя адкрыцьці. Сапраўдныя мастакі заўсёды знаходзяць новыя формы пераўвасабленьня і перажываюць цьвярозы стан жыцьця па-мастацку”.