Сёньня ў Беластоку ў кінатэатры “Покуй” адбылася прэм’ера мастацкага фільму “Тутэйшыя”, зьнятага паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы. А праз тыдзень “Тутэйшых” можна будзе паглядзець на тэлеканале “Белсат”. Аўтар ідэі і прадусар фільму – грамадзянін Польшчы Дарыюш Шада, зьняў фільм тэатральны рэжысэр Валеры Мазынскі. Для Мазыскага гэта быў дэбют у кіно. Перад ад’ездам на прэм’еру спадар Мазынскі даў інтэрвію нашаму радыё.
“Тутэйшыя” зьняты як тэлефільм. А ці будзе ён даступны гледачам на іншых носьбітах? На гэтае пытаньне Валеры Мазынскі адказаў:
“Прадусар казаў пра тое, што пакуль гэта будзе толькі тэлевізійны варыянт, бо ён і здымаўся для тэлевізіі. У гэтых варунках, у якіх існуе “Белсат”, відаць, некалькі разоў пакажуць. Людзі талеркі набываюць, кола гледачоў пашыраецца. А на іншых носьбітах? Мы гаварылі пра нейкі такі праект, пра DVD... Ну гэта права прадусара, бо ён выдаткоўваў на фільм свае грошы і ён мае абсалютна ўсе правы на гэты фільм, а мы – ніякіх”.
Валеры Мазынскі сказаў, што ў Беларусі пакуль што няма ніводнай копіі “Тутэйшых”, нават сам рэжысэр ня мае яе:
“Адна-адзіная майстар-касэта, каторая была зроблена, належыць прадусару. Ён яе забраў сабе, бо ён мае абсалютныя правы на яе. І любая копія – толькі зь яго дазволу, але калі ён прадасьць фільм “Белсату”, то гэта будзе тады прыватнасьць “белсатаўская”.
Дэбют у кінэматографе для тэатральнага рэжысэра аказаўся ўдалы, і Валеры Мазынскі хоча працягваць гэтую справу. Але лічыць, што ў Беларусі рабіць беларускае кіно цяпер немагчыма:
“У нашых умовах тут дома гэта нерэальна, а калі будуць новыя прапановы здымаць беларускае кіно за мяжой, як было з прапановаю зьняць “Тутэйшых”, то чаму ж не рабіць. Дэбют аказаўся не такі ўжо страшны і неспадзяваны. Проста сваім жыцьцёвым досьведам я ўжо падрыхтаваны да гэтае працы”.
А здымаць ёсьць шмат чаго, і найперш трэба экранізаваць беларускую літаратурную клясыку, лічыць спадар Мазынскі:
“Наша беларуская літаратура ўвогуле не экранізаваная нармальна. Ні той жа Быкаў, акрамя дзьвюх-трох рэчаў, ні Караткевіч. Дый увогуле – літаратура ляжыць і чакае свайго часу ў кінэматографе”.
Рабіць беларускае кіно можна толькі зь беларускімі акторамі, перакананы Валеры Мазынскі. У “Тутэйшых” зьняліся многія зоркі нацыянальнай тэатральнай сцэны. Як вядома, за супрацоўніцтва зь недзяржаўным “Свабодным тэатрам” многія акторы зазнаюць праблемы на сталай працы ў дзяржаўных тэатрах. Валеры Мазынскі не выключае, што падобныя наступствы могуць быць і пасьля прэм’еры “Тутэйшых”.