Асіповіцкага актывіста Арцёма Дубскага і яго сябра, прозьвішча якога не вядомае, міліцыянты затрымалі блізу бабруйскага вакзалу.
Паводле апазыцыйнага актывіста Алеся Чыгіря, хлопцы везьлі ў Менск выставу пра падзеі вясны 2006 году на Кастрычніцкай плошчы сталіцы Беларусі. На пляншэтах фармату А0 разьмешчаныя фотаздымкі ўдзельнікаў палатачнага гарадка.
Некалькі тыдняў выстава дэманстравалася ў прыватным грамадзкім цэнтры, у якім заўчора міліцыянты правялі ператрус.
Алесь Чыгір кажа, што хлопцаў затрымалі міліцыянт Андрэй Малахаў і старшы прапаршчык Радзько і яны нібыта ўтрымліваюцца ў гарадзкім аддзеле міліцыі Бабруйску. Тэлефон Арцёма Дубскага не адказвае.