Што думае былы палітвязень, вядомы апазыцыйны палітык Павал Севярынец пра дадатковыя санкцыі ЗША супраць “Белнафтахіму” і адкліканьне ў сувязі з гэтым пасла Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова?
“Гэта выклікана цьвёрдай пазыцыяй амэрыканскага боку, які пасьлядоўна падтрымлівае дэмакратыю ў Беларусі, выступае супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, – гаворыць Севярынец. – І зацятасьцю беларускага рэжыму, які ня хоча ісьці на перамовы. Мы ведаем, што адпушчаныя шэсьць палітычных вязьняў, але за кратамі застаюцца яшчэ некалькі, уключна з Аляксандрам Казуліным. Трэба было чакаць такіх вынікаў. ЗША – краіна, якая вядзе прынцыповую палітыку: калі ня выкананыя дамоўленасьці, то ўводзяцца санкцыі.
Добра гэта ці кепска для беларускай эканомікі? Безумоўна, лепш было б, каб абыходзілася бяз санкцыяў. Мы за тое, каб эканамічныя санкцыі, якія могуць адбіцца на дабрабыце беларускіх грамадзянаў, не ўжываліся. Але, калі мы нядаўна былі ў ЗША, размаўлялі са спадаром Бушам, спадаром Крамэрам, у дзярждэпартамэнце, нам заўсёды казалі: гэтае рашэньне прымае толькі амэрыканскі бок. Ані беларуская апазыцыя, аніхто яшчэ ня мае да гэтага дачыненьня.
Пагаршэньне стасункаў будзе, але, магчыма, яно прывядзе да нейкага прарыву ў перамоўным працэсе”.