У адказ на ўвядзеньне ўрадам ЗША дадатковых эканамічных санкцыяў супроць “Белнафтахіму” беларускі бок адклікаў з Вашынгтону свайго пасла Міхаіла Хвастова і рэкамэндаваў пакінуць Беларусь амбасадару ЗША. Як камэнтуе такія дзеяньні кіраўніцтва Беларусі намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка?
“Гэта нэрвовая рэакцыя асабіста Аляксандра Лукашэнкі на тое, што ягоная палітыка пускаць пыл у вочы не знайшла разуменьня ў Вашынгтоне, які патрабуе ясных і пэўных крокаў па дэмакратызацыі краіны. Нават выпушчэньне часткі палітычных вязьняў не пераканала Вашынгтон, што Менск гатовы рабіць такія крокі.
І, мяркую, з гэтымі рахункамі “Белнафтахіму” ня ўсё так проста. Ці будзе пасьля гэтага дасягнута паразуменьне? Яно магчыма пры ўмове, калі афіцыйныя ўлады Беларусі будуць рабіць вычарпальныя, ясныя крокі. Гэта значыць — ня проста выпусьцяць усіх палітвязьняў, але ня будуць рабіць іншых. Ня будуць садзіць сотні і тысячы новых па адміністрацыйных справах і ажыцьцяўляць іншыя віды рэпрэсій”.