У Магілёве, Крычаве й Шклове плянуюць публічна адзначыць Дзень Волі

У Магілёве зьбіраюцца правесьці ўрачыстыя шэсьці й мітынгі, прымеркаваныя да 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У Крычаве й Шклове — мітынгі.

Сёньня ў Магілёве актывісты гарадзкой кааліцыі дэмакратычных сіл “Наш Магілёў” зарэгістравалі ў гарвыканкаме заяўку на мітынг і шэсьце.

Паводле заяўнікаў, чыноўнікі павінны разгледзець заяўку на працягу пятнаццаці дзён. У шэсьці й мітынгу, якія маюць адбыцца 23 сакавіка, возьмуць удзел да ста чалавек. Мітынг адбудзецца ў вызначаным уладай месцы правядзеньня публічных мерапрыемстваў — на пляцоўцы перад Палацам культуры й адпачынку Магілёўскага гарвыканкаму.

У Крычаве заяўку на ўрачысты мітынг у мясцовы райвыканкам падала група грамадзян. Плянуецца, што на мітынг прыйдзе каля трыццаці чалавек. Мітынг да Дня Волі заяўнікі зьбіраюцца правесьці ў гарадзкім парку Перамогі 23 сакавіка.

У Шклове група грамадзян зьбіраецца правесьці мітынг 23 сакавіка ў гарадзкім парку. Адпаведная заяўка пададзеная ў райвыканкам учора. Заяўнікі чакаюць, што на мітынг прыйдуць дваццаць чалавек.