У Брусэлі падпісанае пагадненьне аб адкрыцьці ў Беларусі прадстаўніцтва Эўракамісіі.
Свае подпісы пад пагадненьнем паставілі намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валер Варанецкі і камісар ЭЗ па зьнешніх сувязях і эўрапейскай палітыцы суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр.
У сувязі з падпісаным мэмарандумам спадарыня Фэрэра-Вальднэр заявіла:
“Сёньня важны дзень для Беларусі і для Эўракамісіі. Я ў захапленьні, што пасьля падпісаньня гэтай дамовы камісія можа зараз адкрыць сваё прадстаўніцтва ў Менску. Мы вельмі чакалі такога разьвіцьця падзеяў.
Я вельмі спадзяюся, што прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску дапаможа стварыць умовы, у якіх нашы адносіны змогуць разьвівацца. Я таксама ўпэўненая, што гэта дапаможа Эўракамісіі ўзмацніць свае сувязі з грамадзянамі Беларусі.
У гэты важны дзень для нас я хачу зноў нагадаць прапанову, зробленую Эўразьвязам Беларусі. Мы гатовыя ўзнавіць дачыненьні з вамі і рухацца да нармалізацыі нашых адносін, пры ўмове, што ў Беларусі будуць рабіцца дадатковыя сур’ёзныя крокі ў напрамку дэмакратызацыі.
Адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі і вызваленьне некалькіх палітзьняволеных у апошнія дні можа дапамагчы нам стварыць дадатны імпульс. Спадзяюся, што Беларусь пацьвердзіць гэтыя сыгналы, вызваліўшы спадара Казуліна”.